Вайскоўцы адхілілі дыктатара ад улады
- 15.11.2017, 11:05
Войскі ўвайшлі ў сталіцу, захапілі тэлецэнтр і арыштавалі дыктатара.
Вайскоўцы, якія захапілі будынак дзяржаўнай тэлекампаніі Зэд-бі-сі, абвясцілі, што ўзялі пад варту Робэрта Мугабэ.
Пры гэтым яны не разглядаюць тое, што здарылася, як вайсковы пераварот і заяўляюць, што Мугабэ і ягоным родным нічога не пагражае, піша bbc.com.
У кіроўнай партыі "Зімбабвійскі афрыканскі нацыянальны звяз - Патрыятычны фронт" заявілі, што такі крок быў неабходны "дзеля здароўя нацыі". "Ні Зімбабвэ, ні партыя не належаць ні Мугабэ, ні ягонай жонцы. Сёння пачынаецца новая эра", - гаворыцца ў заяве партыі.
Паводле звестак мясцовых СМІ, Мугабэ рыхтуецца падаць у адстаўку, а ягоным пераемнікам стане не ягоная жонка, як паведамлялася раней, а віцэ-прэзідэнт Эмерсан Мнангагва. "Таварыш Мнангагва дапаможа нам зрабіць Зімбабвэ лепшай", - гаворыцца ў заяве кіроўнай партыі.
Захоп будынак дзяржаўнай тэлекампаніі Зэд-бі-сі адбыўся ўночы ў сераду. "Мы хочам запэўніць нацыю ў тым, што яго мосць прэзідэнт і ягоная сям'я жывыя і здаровыя, і іх бяспека гарантаваная", - заявіў у эфіры тэлеканала чалавек у камуфляжы.
Агенцтва Рэйтэр апазнала ў гэтым чалавеку генерал-маёра Маё, які ўзначальвае тылавое кіраванне зімбабвійскага генштабу. Генерал дадаў, што вайскоўцы выступілі супраць, як ён выказаўся, злачынцаў у асяроддзі Мугабэ.
У Харары былі чуваць выбухі і залпы артылерыйскіх гармат.
Раней амбасадар Зімбабвэ ў ПАР адмаўляў размовы аб перавароце ў ягонай краіне.
Кіроўная партыя Зімбабвэ абвінаваціла гетмана войскам генерала Канстанціна Чывенгу ў "здрадніцкіх паводзінах" пасля таго, як ён папярэдзіў аб магчымым умяшанні вайскоўцаў у палітыку. Чывенга кінуў выклік прэзідэнту Робэрту Мугабэ пасля таго, як той звольніў віцэ-прэзідэнта краіны.
Генерал сказаў, што войска гатовае да смелых дзеянняў, каб пакласці канец чысткам у партыі Мугабэ.
Супрацьстаянне доўжылася ў аўторак, калі на дарогах за межамі Харарэ была заўважаная бранятэхніка. З якой мэтай яна там знаходзілася, застаецца незразумелым.
Крыніцы агенцтва Рэйтэр паведамляюць, што пры захопе тэлеканала некаторыя супрацоўнікі Зэд-бі-сі зазналі грубае абыходжанне з боку вайскоўцаў. Супрацоўнікам тэлекампаніі сказалі, што яны "не павінны хвалявацца", а жаўнеры знаходзяцца ў будынку толькі для яго абароны.
Пасол Зімбабвэ ў ПАР Айзэк Маё сказаў Рэйтэр, што ўрад краіны захоўваецца "ў нязменным выглядзе", і адмёў усе размовы аб магчымым перавароце як "сцвярджэнні з сацсетак".
Пасольства Вялікабрытаніі і ЗША ў Харары заклікалі сваіх грамадзян пазбягаць грамадскіх месцаў.
Ні 93-гадовы Мугабэ, ні ягоныя прадстаўнікі пакуль не рабілі ніякіх заяваў.
На мінулым тыдні Мугабэ звольніў віцэ-прэзідэнта Эмерсана Мнангагву, якога раней уважалі за найбольш імавернага пераемніка прэзідэнта. Але сітуацыя змянілася, і цяпер найбольш імавернай пераемніцай называюць жонку Мугабэ - Грэйс.
Партыя Зану-ПФ заявіла, што каментары генерала Чывенгі былі "разлічаны на парушэнне нацыянальнага міру... [і] падбухторванне да паўстання".
Партыя заявіла, што ніколі не саступіць вайсковым пагрозам і "пацвярджае першынство палітыкі над зброяй".
Лідар моладзевага крыла кіроўнай партыі Кудзай Чыпанга сказаў, што генерал не мае поўнай падтрымкі ўсяго войска.
"На карту пастаўлена нашая краіна і будучыня, і мы не дазволім ніякаму асобнаму вайскоўцу стаць на шляху лідара партыі і законна абранага прэзідэнта краіны", - заявіў ён у аўторак журналістам.
Моладзевае крыло партыі падтрымлівае Грэйс Мугабэ.
Чывенга зрабіў заяву аб магчымасці вайсковага ўмяшання на прэс-канферэнцыі ў штабе войска, у асяроддзі старэйшых афіцэраў.
Ён сказаў, што "чысткі" ў партыі накіраваныя на тых, хто калісьці прывёў Зімбабвэ да незалежнасці. Сам генерал - таксама адзін з ветэранаў гэтай вайны 1970-х гадоў.
"Мы павінны нагадаць тым, хто стаіць за цяперашнімі падступнымі махінацыямі, што, калі справа тычыцца пытанняў абароны нашай рэвалюцыі, вайскоўцы дзейнічаюць, не вагаючыся", - сказаў ён.