У Печы перавядуць новых сяржантаў
- 14.11.2017, 19:37
Па ўсёй краіне ідзе адбор вайскоўцаў у вайсковую частку, дзе загінуў Аляксандр Коржыч.
Цяпер па ўсёй краіне ідзе адбор вайскоўцаў у вайсковую частку ў Печах, паведаміла tut.by крыніца ва ўзброеных сілах. Ужо найбліжэйшым часам павінна адбыцца ратацыя: тыя, хто цяпер служыць у навучальным цэнтры, паедуць у іншыя часткі, на іх месца прыйдуць тыя, хто добра сябе зарэкамендаваў.
- Чакаецца, што ў Печах з'явіцца блізу 20 новых сяржантаў, яны прыйдуць у тым ліку ў 3-ю і 307-ю школы (дзе вучыўся жаўнер Коржыч. - Заўвага.). Набіраюць сюды з вайсковых частак у Горадні, Слоніме, Заслонава... Для Узброеных сіл гэта не навіна, такое ўжо бывала некалькі гадоў таму, гэта як крайняя мера. Праз дзедаўшчыну рассылалі па частках не толькі сяржантаў, але і афіцэраў. Для Печаў такі досвед будзе ўпершыню, - распавядае ўласная крыніца ва Узброеных сілах.
Нагадаем, пасля гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай частцы ў Печах Следчы камітэт затрымаў 10 вайскоўцаў, яшчэ 5 чалавек праходзяць па справе ў статусе падазраваных. Фігурантаў гучнай справы абвінавачваюць у нестатутных стасунках, перавышэнні службовых паўнамоцтваў і махлярстве. Следчыя працягваюць адпрацоўваць тры версіі гібелі салдата: суіцыд, давядзенне да суіцыду і забойства. Пасля трагедыі Мінабароны зрабіла заяву, што камандзір часткі звольнены, шэраг службовых асоб адхіленыя.
Паводле інфармацыі выдання, замест камандзіра часткі, дзе служыў Аляксандр Коржыч, яго абавязкі часова выконвае адзін з афіцэраў. Цяпер на яго месца шукаюць годнага кандыдата.
Пра тое, што ў Печах хутка з'явяцца новыя сяржанты, пацвердзілі ў Міністэрстве абароны.
- У планавым парадку прымяняюцца меры ў забеспячэнні належнай работы вучэбнага цэнтра, у тым ліку шляхам камплектавання службовымі асобамі і малодшымі камандзірамі, якія ў найбольшай ступені адпавядаюць патрабаванням. Тое, што будуць замененыя малодшыя камандзіры, гэта факт. На іх месца прыйдуць лепшыя, - пракаментаваў Уладзімір Макараў, прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны.