BE RU EN

КДБ атрымае неабмежаваны доступ да сістэмы відэаназірання

  • 14.11.2017, 16:27

Усе камеры назірання Менска аб'яднаюць у дзяржаўную сетку.

Інфармацыю з рэспубліканскай сістэмы відэаназірання за грамадскай бяспекай МУС, КДБ, МНС, Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, Служба бяспекі і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку змогуць атрымліваць без абмежаванняў у дачыненні да крыніц і аб'ёму. Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша tut.by.

Нагадаем, што ў траўні гэтага года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №187 «Аб рэспубліканскай сістэме маніторынгу грамадскай бяспекі». Ён прадугледжвае стварэнне цэнтралізаванай сістэмы відэаманіторынгу ў Беларусі. Пастанову аб стварэнні такой сістэмы прынялі ў сакавіку на нарадзе ў Лукашэнкі.

Асноўная задача сістэмы маніторынгу - «назіранне за станам грамадскай бяспекі ў мэтах забеспячэння грамадскага парадку, прафілактыкі, выяўлення, раскрыцця і спынення злачынстваў, іншых правапарушэнняў, вышуку асоб, якія іх учынілі, і асоб, без вестак зніклых, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый».

Сістэма маніторынгу будзе забяспечваць бесперапынны ў рэжыме рэальнага часу збор інфармацыі. Яе будуць апрацоўваць і захоўваць. Інфармацыю будуць атрымліваць з лакальных сістэм відэаназірання, спецыяльных дэтэктараў і датчыкаў, якія аб'яднаюць адзінай платформай.

Без абмежаванняў у дачыненні да крыніц і аб'ёму інфармацыю з сістэмы маніторынгу змогуць атрымліваць МУС, КДБ, МНС, Дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК, Служба бяспекі прэзідэнта і Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку.

Таксама звесткі могуць падаваць Дзяржпамежкамітэту і Дзяржаўнаму мытнаму камітэту.

Раней кіраўнік МУС Ігар Шуневіч распавядаў, што ўся інфармацыя будзе паступаць у адзін цэнтр.

«Аператары рэгіструюць розныя правапарушэнні, здарэнні і гэтак далей і перадаюць у адпаведную службу інфармацыю для рэагавання. Гэтая сістэма ўжываецца ў многіх краінах, гэта эканомія сіл і сродкаў, а эфектыўнасць і хуткасць рэагавання павялічваецца ў разы», - мяркуе Шуневіч.

Як паведамлялася, аператарам сістэмы маніторынгу будзе альбо дзяржаўная кампанія, альбо «надзейны прыватнік, гатовы стаць інвестарам». Гаворка ідзе пра суму да 100 млн даляраў.

Апошнія навіны