BE RU EN

Юрый Стыльскі: Каб дзедаўшчына знікла, дастаткова аднаго года

  • 14.11.2017, 15:52

Cаліст рок-гурта «Дай Дарогу!» выказаўся на надзённую тэму.

Жаўнерам, якія праходзяць тэрміновую службу ў Печах пад Барысавам, дазволілі трымаць пры сабе мабільныя тэлефоны. Праўда, карыстацца імі можна будзе толькі ў пэўны час «напрыклад, пасля вячэры, перад сном», растлумачылі ў Мінабароны. Астатні час мабільнік можа быць выключаны ці стаяць на вібрацыі або бязгучным рэжыме. Ёсць абмежаванні і ў мадэлях тэлефонаў: фотакамера, доступ у інтэрнэт і ўбудаваны дыктафон - забароненыя, паведамляе «Еўрарадыё».

«Прынятая пастанова выдаткаваць грашовыя сродкі для ўстаноўкі ў некаторых месцах размяшчэння вайсковых тэхнічных сродкаў назірання. Сістэма відэаназірання дазволіць дзяжурнаму па школе, які знаходзіцца ў казарме, больш аператыўна бачыць памяшканні, дзе знаходзяцца вайскоўцы, каб мінімізаваць драбнюткія пытанні - сутычкі якія-небудзь ці нейкае ўздзеянне», - расказаў міністр абароны Андрэй Раўкоў падчас «гарачай лініі».

Лідар гурта «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі, якога не раз збівалі «дзяды» падчас службы ў Мар'інай горцы, ухваляе пастанову паставіць камеры і мяркуе, што для ліквідацыі дзедаўшчыны дастаткова аднаго года.

«Усё вельмі проста! Трэба ўсюды паставіць камеры і караць за дзедаўшчыну канкрэтна кіраўніцтва, - кажа музыка. - А яшчэ можна зрабіць так, каб непасрэдна ў казарме разам з жаўнерамі заўсёды знаходзіўся іх начальнік. Дастаткова аднаго перыяду! Нудна выхаваць толькі адно пакаленне на прынцыпах узаемадапамогі. Каб гэтыя дасведчаныя службоўцы ў першую чаргу дапамагалі маладым, а не катавалі іх. І ўсё! Гэтага будзе досыць!»

А вось на думку Івана Шылы, былога вайскоўца, які таксама сутыкнуўся з дзедаўшчынай, устаноўка камер не дасць вынікаў. Па-першае, іх усё адно не паставяць ў прыбіральнях, дзе часам няма нават кабінак, і дзе часцей за ўсё і адбываюцца нестатутныя дачыненні. А па-другое, практыка паказвае, што ў Беларусі камеры відэаназірання працуюць толькі тады, калі пацвярджаюць віну звычайнага грамадзяніна. У іншых выпадках з імі здараюцца тэхнічныя непаладкі.

«Можна зрабіць так, каб у выпадку тэхнічных непаладак з камерай усякія сумненні трактаваліся на карысць жаўнера, а не на карысць інстытута, - прапануе сваё сродак барацьбы з дзедаўшчынай Іван Шыла. - Тады і войска, і тая ж міліцыя зробяць усё, каб гэтыя камеры працавалі. Але гэта казкі, бо я не думаю, што войска збіраецца мяняцца. Тыя людзі, якія цяпер кіруюць войскам, не зменяцца. Іх трэба звальняць і дадаваць да гэтага пэўныя сістэмныя змены».

Дазвол на нашэнне тэлефона Іван Шыла таксама не ўважае за захад бяспекі, бо ў кожнай частцы ёсць таксафон і, калі трэба тэрмінова паведаміць бацькам аб праблемах, то гэта можна зрабіць незалежна ад таго, дазволены тэлефон ці не. «Зусім іншая справа, калі б я мог зняць на камеру факт дзедаўшчыны і хутка перадаць яго каму-небудзь праз інтэрнэт», - дадае Іван.

Культуролаг Максім Жбанкоў, які сутыкнуўся з дзедаўшчынай яшчэ ў сярэдзіне 70-х, мяркуе, што камеры і тэлефоны ў кішэнях - толькі тактычнае развязанне праблемы, мяняць трэба агульную стратэгію.

«Лепш ствараць умовы, у якіх няма неабходнасці дадаткова кантраляваць сітуацыю. Дзедаўшчына ўзнікае з таго, што маладога жаўнера трэба тэрмінова адфарматаваць у адпаведнасці з уяўленнямі вайсковай мэтазгоднасці. Адзіная магчымая версія - прафесійнае войска, што дазволіць ператварыць войска не ў зграю запалоханых хлопцаў, або ў зграю тых, хто запалохвае, а ў прафесійную каманду, у супольнасць прафесіяналаў, якія прыходзяць у войску не прымусова, а на працу. Там, дзе людзі робяць сваю працу, там дзедаўшчыны не будзе. Яна паўстае выключна як анамальная рэакцыя на анамальную сітуацыю».

Нагадаем, барацьба з дзедаўшчынай у войску пачалася пасля смерці 21-гадовага жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. 3 кастрычніка яго знайшлі павешаным са звязанымі нагамі і майкай на галаве. Першапачаткова асноўнай версіяй здарэння быў суіцыд, але блізкія не паверылі ў гэта і разгарнулі буйную кампанію ў СМІ. У выніку следчы камітэт пачаў крымінальную справу аб факце дзедаўшчыны. Паводле афіцыйных звестак, абвінавачанне паводле крымінальнай справы выстаўленае 10 вайскоўцам, яшчэ 5 (сярод іх адзін афіцэр) знаходзяцца ў статусе падазраваных, але ніводнага з іх не абвінавачваюць у забойстве.

Апошнія навіны