BE RU EN

Шампанскае на навагоднім стале беларусаў стане «залатым»

  • 13.11.2017, 16:25

Шампанскае можа падаражэць праз тое, што сёлета быў няўрод вінаграду.

Расейскія рэтэйлеры папярэджваюць насельніцтва аб тым, што да Новага года шампанскае і пеністыя віны вырастуць у кошце на 10 - 15%. Як піша газета «Известия» са спасылкай на Нацыянальную гандлёвую асацыяцыю (Расея) і Расейскую асацыяцыю экспэртаў рынку рэтэйла, ва ўсім вінаваты неўраджай вінаграду ў Еўропе. Пры гэтым кошты французскага шампанскага ў сегменце «сярэдні» і «сярэдні плюс» вырастуць больш за ўсё, да 15%, а вось танны сегмент падаражэе менш.

Kp.by наважыла высветліць, што ж будзе з коштамі шампанскага ў Беларусі. Навагодні ажыятаж і так заўсёды павялічвае цэннік на тыпова святочныя тавары. А тут яшчэ і няўрод вінаграду...

- Так, мы павышаем кошты шампанскага на 3% з 15 лістапада, - распавялі ў фірмовай краме Менскага завода пеністых вінаў.

Цяпер бутэлька звычайнага «Савецкага шампанскага» ў фірмовай краме каштуе 4 рублі 94 капейкі. Гэта значыць, калі павялічыць цэннік на 3%, то бутэлька пеністага абыдзецца ўжо 5 руб 9 кап. Дарэчы, на самім заводзе пацвердзілі: вінаматэрыялы сапраўды павялічыліся ў цане. Таму падаражанне шампанскага, як абяцаюць расейскія рэтэйлеры, цалкам апраўданае.

- У нас будзе падаражанне на 3% з 15 лістапада. У снежні нічога даражэць не будзе. Прычына - рост ставак акцызаў са студзеня 2017 года на 6,7%, - патлумачылі ў аддзеле маркетынгу Менскага завода пеністых вінаў.

- Атрымліваецца, што вінаматэрыялы тут ні пры чым? Як жа вам удасца ўтрымаць кошты? Можа, ёсць запас сыравіны?

- Не, пастаўкі ідуць рэгулярна. Проста ў сувязі з цяжкай эканамічнай сітуацыяй завод прыняў пастанову не павышаць кошты, - патлумачылі на заводзе. І ўдакладнілі, што рост коштаў на 3% з 15 лістапада ўсё ж будзе, але не праз падаражанне вінаматэрыялаў, а праз падвышэнне акцызаў.

Пастаўшчыкі імпартнага шампанскага пакуль пра падвышэнне коштаў нават не чулі.

- Як правіла, імпарцёры ўзгадняюць кошты на ўвесь год. Гэта значыць, мы закупляем алкагольную прадукцыю за адну і тую ж суму. І шампанскае тут не выключэнне. Пакуль што пастаўшчыкі нам нічога не казалі пра падвышэнне коштаў. Але калі яно і будзе, то толькі з наступнага года. Гэты Новы год мы сустрэнем з шампанскім з ранейшым коштам, - абнадзеіў адзін з буйных пастаўшчыкоў алкаголю ў Беларусь.

Апошнія навіны