BE RU EN

Сталі вядомыя пераможцы «Лістапада»

  • 10.11.2017, 20:19

Галоўны прыз - Гран-пры - дастаўся эстонскаму фільму «Лістапад».

10 лістапада завяршыўся 24-ты Менскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Галоўны прыз - Гран-пры - здабыў эстонскі фільм «Лістапад». Аб астатніх выніках - у матэрыяле tut.by.

У асноўным конкурсе гульнявога кіно найлепшым стаў фільм «Лістапад» тэатральнага рэжысёра з Эстоніі Райнера Сарнэта. Ён жа ганараваўся прызам за найлепшую аператарскую працу.

КАДР З ФІЛЬМА «ЛІСТАПАД»

- З аднаго боку, гэта відовішчнае кіно, якое ахоплівае экспрэсіўную фактуру чорна-белай выявы, - распавядае праграмны дырэктар фестывалю Ігар Сукманаў. - З іншага боку, увагу займае ідэя зірнуць на Эстонію не як на хрысціянскую краіну, а як на паганскую. Тут авангард і радыкалізм ідуць поруч з міфатворчасцю, казкай, фантазіяй, снамі, а тэатральнасць - з рэалістычнасцю.

Поўны спіс прызоў асноўнага конкурсу гульнявога кіно:

прыз «За найлепшую рэжысуру» - «Іней», рэжысёр Шарунас Бартас (Літва, Францыя, Польшча, Украіна);

прыз «За найлепшую жаночую ролю» - «Арытмія», рэжысёр Барыс Хлебнікаў (Расея, Фінляндыя, Нямеччына);

прыз «За найлепшую мужчынскую ролю» - «Вестэрн», рэжысёр Валеска Грызебах (Нямеччына, Балгарыя, Аўстрыя);

прыз «За найлепшы сцэнар» - «Гранатавы сад», рэжысёр Ільгар Наджаф (Азербаджан).

У конкурсе дэбютных першых-другіх карцін «Маладосць на маршы» галоўны прыз атрымала балгарская стужка «Тры чвэрці» рэжысёра Іліана Метэва. Спецпрыз журы здабыў індыйскі фільм «баламут» Міраншы Наік.

КАДР З ФІЛЬМА «ТРЫ ЧВЭРЦІ»

- «Тры чвэрці» - сапраўды кінаманскае кіно, але не толькі таму, што вы зможаце злавіць велізарную колькасць адсылак, - падкрэслівае Сукманаў. - Тут рэальнасць становіцца натхняльнікам сюжэту, і яшчэ паспрабуй разбярыся, дзе тут пачынаецца гульнявое кіно і заканчваецца дакументальнае. І ці сканчаецца.

Прызы ў дакументальным конкурсе размеркаваліся наступным чынам:

Гран-пры «За найлепшы дакументальны фільм» - «Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет», рэжысёр Арунас Матэліс (Літва, Італія, Швейцарыя, Бельгія, Латвія, Вялікабрытанія, Ірландыя, Гішпанія);

Спецыяльны прыз журы - «Горад сонца», рэжысёр раці Анэлі (Грузія, ЗША, Катар, Нідэрланды).

Галоўны ж прыз конкурсу нацыянальных кінашколаў дастаўся карціне «Узы» рэжысёра Польскай нацыянальнай школы кіно, тэлевізіі і тэатра ў Лодзі Зоф'і Кавалеўскай.

Найлепшым беларускім фільмам у секцыі нацыянальнага кіно стала карціна «Заўтра» пачаткоўцы рэжысёркі Юліі Шатун. Стужка шырока абмяркоўвалася ў апошнія фестывальныя дні як гледачамі на паказах, так і крытыкамі. Расейскі журналіст газеты «Труд» Леанід Паўлючак напісаў у сябе ў «Фэйсбуку», што «глядзець на гэта без камяка ў горле немагчыма. Не толькі дзякуючы горкаму жыццёваму матэрыялу, які рэдка трапляе на беларускія экраны. Але і дзякуючы дзіўна дакладнай інтанацыі, з якой Юлія Шатун распавядае гэтую тыповую для Беларусі (ды і для ўсёй постсавецкай прасторы) гісторыю».

КАДР З ФІЛЬМА «ЗАЎТРА»

Прыз у беларускай секцыі «За найлепшы дакументальны фільм» здабыла стужка «Вакол Беларусі на роварах з маторамі», рэжысёр Барыс Нікалайчык. А найлепшай анімацыйнай карцінай стаў фільм «І месяц спыніўся» рэжысёркі Юліі Рудзіцкай.

Прызам міжнароднага журы кінапрэсы «Фіпрэссі» за найлепшы дэбют ганаравалася карціна грузінскага рэжысёра Раці Анелі «Горад сонца».

Апошнія навіны