У Барсэлоне сотні тысяч чалавек выйшлі на мітынг за адзінства Гішпаніі
- 8.10.2017, 18:03
У сталіцы Каталоніі ў дэманстрацыі прыхільнікаў адзінай Гішпаніі ўзялі ўдзел не менш за 350 тысяч чалавек.
У Барсэлоне, паводле звестак паліцыі, 350 тысяч чалавек выйшлі на дэманстрацыю супраць аддзялення ад Гішпаніі. На адной з цэнтральных плошчаў Уркінаона ў нядзелю, 8 кастрычніка, супраціўнікі незалежнасці Каталоніі скандавалі "Няхай жыве Гішпанія!" і неслі гішпанскія дзяржаўныя сцягі. Мітынг арганізавалі прадстаўнікі арганізацыі "Грамадзянская супольнасць Каталоніі", якая заклікае "вярнуцца на шлях розуму". Самі арганізатары заяўлялі пра ўдзел у акцыі да мільёна чалавек, паведамляе “Нямецкая хваля”.
Разам з гішпанскімі палітыкамі на чале шэсця нёс транспарант перуанскі пісьменнік Марыё Варгас Льёса , лаўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры. Грамадзянін Гішпаніі падкрэсліў, што гішпанцы і каталонцы - брацкія народы і "нішто і ніхто не зможа іх падзяліць".
Прэм'ер Гішпаніі прыстрашыў распусціць каталонскі ўрад
Раней у той жа дзень прэм'ер-міністр Гішпаніі Марыяна Рахой заявіў пра катэгарычную адмову ісці на кампраміс у канфлікце вакол імкнення Каталоніі да незалежнасці. "Урад клапоціцца пра тое, каб любая дэкларацыя аб незалежнасці ні да чаго не прывяла", - падкрэсліў Рахой у інтэрв'ю газеце El Pais, апублікаваным 8 кастрычніка.
Гішпанскі прэм'ер не выключыў магчымасць роспуску рэгіянальнага ўрада Каталоніі, калі ён не адмовіцца ад пагрозы абвясціць незалежнасць.
Жыхары краіны патрабуюць дыялогу
Перспектыва аддзялення Каталоніі ад Гішпаніі прывяла да шматлікіх дэманстрацый ва ўсёй краіне. Напярэдадні, 7 кастрычніка, прыхільнікі дыялогу паміж Мадрыдам і Барсэлонай сабраліся на цэнтральных плошчах і вуліцах гішпанскіх гарадоў і скандавалі, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Гішпаніі Марыяна Рахоя і кіраўніка рэгіянальнай адміністрацыі Каталоніі Карлеса Пучдэмона: "Размаўляйце (адзін з адным. - Рэд.) альбо сыходзьце".
Каталонскі парламент прызначыў на 10 кастрычніка галасаванне аб выніках рэферэндуму, які прайшоў у аўтаномнай супольнасці 1 кастрычніка. Пры прыходзе 43 адсоткаў 90 адсоткаў прагаласаваўшых абралі шлях аддзялення Каталоніі ад Гішпаніі. Мадрыд і Брусэль разглядаюць рэферэндум як супярэчны гішпанскай канстытуцыі.