BE RU EN

У Кракаве знайшлі дакумент з подпісам і пячаткай беларускага асветніка

  • 8.10.2017, 17:49

Васіль Цяпінскі нарадзіўся блізу 1540 года ў Цяпіне, што пад Чашнікамі ў цяперашняй Віцебскай вобласці.

У Кракаве знайшлі дакумент з уласнаручным подпісам і пячаткай беларускага асветніка, пісьменніка і кнігадрукара Васіля Цяпінскага. Знаходка належыць магістру гістарычных навук Ягору Сурскаму, які працуе ў аддзеле краязнаўства і археалогіі Інстытута гісторыі беларускай Нацыянальнай акадэміі навук.

Як распавядае Сурскі «Свабодзе», дакумент знаходзіўся ў бібліятэцы Польскай акадэміі навук у Кракаве сярод розных маёмасных і фінансавых папер дваранскіх родаў, але храналагічна выбіваўся з пазначанага ў тэчцы датавання. Папера была анатаванай, у архіве ў Вільні нават знаходзіцца мікрафільм з дакументам, але ліст дагэтуль не быў ўведзены ў навуковае абарачэнне.

«Пячатка належыць да герба Астоя, якім карысталіся і іншыя прадстаўнікі роду Цяпінскага, на ёй выяўлены крыж і два паўмесяцы. Ініцыялы «WC» пацвярджаюць, што гэта асабістая пячатка Васіля Цяпінскага», - тлумачыць Сурскі.

Гісторык зрабіў даклад аб знаходцы на кангрэсе «500 гадоў беларускага кнігадрукавання» ў менскай Нацыянальнай бібліятэцы, чакае публікацыі працы аб знаходцы ў навуковым зборніку «Здабыткі: дакументальныя помнікі на Беларусі».

Васіль Цяпінскі нарадзіўся блізу 1540 года ў Цяпіне, што пад Чашнікамі ў цяперашняй Віцебскай вобласці. У 1570-я на свае сродкі заснаваў друкарню, пачаў пераклад Евангелля на старабеларускую мову і напісаў да яго прадмову. Затым ён выдаваў гэта Евангелле як на старабеларускай, так і на царкоўнаславянскай мове.

Апошнія навіны