BE RU EN

Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна прызнала Расею краінай-агрэсарам

  • 6.10.2017, 10:59

Дэпутаты прынялі ў першым чытанні закон пра Данбас.

Вярхоўная Рада Украіны прагаласавала ў першым чытанні за законапраект прэзідэнта краіны Пятра Парашэнкі «Аб асаблівасцях дзяржаўнай палітыкі забеспячэння дзяржаўнага суверэнітэту Украіны над часова акупаванымі тэрыторыямі ў Данецкай і Луганскай абласцях». Дакумент у першым чытанні падтрымалі 233 народныя дэпутаты.

Перад галасаваннем старшыня Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій нагадаў, што з законапраекта выключана згадка пра менскія пагадненні, паведамляе сайт Вярхоўнай Рады Украіны.

У прэамбуле законапраекта паказваюць, што Расея ініцыявала, арганізавала і падтрымлівала тэрарыстычную дзейнасць ва Украіне, вядзе ўзброеную агрэсію супраць Украіны і часовую акупацыю часткі яе тэрыторыі. Узброеныя сілы РФ, што падтрымліваюць вайсковыя фармаванні і акупацыйныя адміністрацыі ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей груба парушаюць дасягнутыя міжнародныя дамоўленасці.

У дакуменце вызначаны таксама тэрыторыі ў Данецкай і Луганскай абласцях, якія Украіна прызнае часова акупаванымі, - наземная тэрыторыя і ўнутраныя воды ў межах асобных раёнаў і населеных пунктаў, дзе ўзброеныя сілы РФ і акупацыйная адміністрацыя ўсталявалі і ажыццяўляюць акупацыйную ўладу і агульны кантроль Расеі. Акупаванымі таксама прызнаюцца ўнутраныя марскія воды і тэрытарыяльнае мора Украіны, прылеглае да акупаванай наземнай тэрыторыі, а таксама паветраная прастора над ёй.

Мяжу часова акупаваных тэрыторый Данбаса будзе вызначаць Міністэрства абароны Украіны на запыт Генеральнага штаба УСУ.

Згодна з дакументам, за фізічнымі асобамі, незалежна ад набыцця імі статусу ўнутрана перамешчаных асоб ці іншага спецыяльнага прававога статусу, за юрасобамі захоўваецца права ўласнасці ды іншыя правы на маёмасць, у тым ліку на нерухомасць на часова акупаванай тэрыторыі. Аналагічная сітуацыя прапісаная і аб правах уласнасці дзяржавы, тэрытарыяльных населеных пунктаў, дзяржорганаў, органаў мясцовага самакіравання на часова акупаванай тэрыторыі Данбаса.

Прапануецца вызначыць таксама асаблівасці ўвядзення ваеннага становішча ў адказ на расейскую агрэсію.

«Дзяржава Украіна не нясе адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні Расейскай Федэрацыі як дзяржавы-агрэсара, яе ўзброеных сіл, іншых вайсковых фармаванняў і акупацыйнай адміністрацыі на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласцях», - гаворыцца ў законапраекце.

Апошнія навіны