BE RU EN

Бацюшка-блогер: З моладдзю трэба гаварыць на даступнай мове

  • 4.10.2017, 19:53

Аляксандр Кухта распавёў пра веру, троляў і асаблівасці праваслаўнага блогу.

У блогу “Batushka ответит” святар Аляксандр Кухта – гэта “чоткі пацан” у падрасніку з крыжам. Размаўляючы з моладдзю на іх мове , ён руйнуе стэрэатыпы, якія склаліся ў грамадстве вакол праваслаўя.

У чацвер у офісе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аляксандр Кухта падзяліўся з журналістамі і блогерамі тым, як яму ўдаецца весці сур’ёзны блог ды яшчэ і дабівацца, каб яго глядзелі.

Ідэя блога прыйшла падчас пераасэнсавання сябе

– Пасля сканчэння семінарыі я год нічога не рабіў. Я мог днямі гуляцца ў кампутарныя гульні, але за гэты год я зразумеў, чым на самой справе хачу займацца.

Спачатку запусціў пілотную версію праекта: наздымаў некалькі ролікаў і паступова стаў выкладаць іх у сеціва. Але тое, што атрымалася на выйсці, не зусім мяне задаволіла. Пасля гэтага наступіла некалькі месяцаў перапынку. Зразумеўшы, як мусіць выглядаць блог, стаў рабіць выпускі раз на тыдзень, – гаворыць Кухта.

– Для таго, каб пачаць відэаблог, у вас мусіць нарадзіцца ідэя, – гаворыць Кухта, – яна павінна ўвабраць у сябе тое, што вам цікава і тое, што вы можаце сказаць. Вельмі добра, калі ваша ідэя супадае з нейкай інфармацыйнай нагодай. Далей ідзе працэс напісання сцэнару.

Гэты працэс у мяне займае ад васьмі да дванаццаці гадзін.

Затым блогер становіцца перад камерай і пачынае нагаворваць тэкст. Кожную фразу ён прамаўляе па некалькі разоў з рознай інтанацыяй, рухамі і жэстамі. Запіс цягнецца каля дзвюх гадзін. Пасля Аляксандр сядае за мантаж. Амаль усе відэаролікі святар робіць сам.

– Пропаведзі ў храме моладзь ужо даўно не ўспрымае. Пропаведзі – добрая рэч для бабулек, а моладзь патрабуе іншай формы. Калі форма сказанага святаром ім падабаецца, тады яны пачынаюць успрымаць змест. Так да мяне і прыйшла думка здымаць відэа, у якіх размаўляць той жа мовай, якой размаўляе сучасная моладзь.

Праект не місіянерскі, а папулізатарскі

– За мэту свайго блога я не стаўлю евангелізаваць людзей і прыводзіць іх да пакаяння. Я хачу нешта пасеяць у людзях. І магчыма праз дваццаць гадоў яны нешта ўзгадаюць са сказанага мною і задумаюцца.

Сярод прыхільнікаў блога багата атэістаў і агностыкаў, але іх перакананні не перашкаджаюць штотыдзень глядзець блог. Таму, што пакуль у нас няма іншай пляцоўкі для кантактавання паміж хрысціянамі і атэістамі, – гаворыць Кухта.

Крытыка і тролінг

Айцец Аляксандр раіць журналістам і рэдактарам імкнуцца не выключаць магчымасць каментавання матэрыялаў на сваіх рэсурсах.

– Навошта вы баніце троляў? Добры троль – гэта вялізны скарб, які заўсёды трэба трымаць пры сабе! Тролі дапамагаюць паглядзець на свой прадукт з іншага боку, навучыцца прызнаваць свае памылкі і карэктаваць уласныя ідэі. Хоць занадта агрэсіўных троляў я адпраўляю ў бан. І скажу, 95% забаненых – гэта свае ж, праваслаўныя :).

Апошнія навіны