Нашчадак беларускіх габрэяў атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў фізіцы
- 4.10.2017, 8:38
Бабуля і дзядуля Бары Барыша нарадзіліся ў Заходняй Беларусі.
3 кастрычніка стала вядома, што самую прэстыжную ў свеце навуковую прэмію ў фізіцы атрымалі трое амерыканцаў: Кіп Торн, Райнэр Вайс і Бары Барыш.
Продкі апошняга былі выхадцамі з Беларусі, паведамляе svaboda.org.
Бэрыш нарадзіўся ў амерыканскім штаце Небраска ў 1936 годзе. Сям'я ягоных бацькоў - габрэі-эмігранты з Заходняй Беларусі. Бабуля і дзед Бары нарадзіліся ў другой палове XIX стагоддзя.
У інтэрв'ю ўніверсітэцкаму выданню ў Каліфорніі 19 гадоў таму будучы лаўрэат Нобэля распавёў, што сям'і ягоных бацькоў прыбыла ў Амерыку асобна і пазнаёміліся на заходнім узбярэжжы ЗША. Дзед нобэлеўскага лаўрэата Хаім-Доў бэн Борух Бенедзецці Бэрыш пахаваны ў штаце Аёва, а бабуля - на могілках у Небраска.
Нобель ў галіне фізікі далі за адкрыццё гравітацыйных хваль
Навукоўцы атрымалі прэмію за вывучэнне гравітацыйных хваль. Нягледзячы на тое, што ўпершыню іх згадваў яшчэ стагоддзе назад Эйнштэйн, менавіта амерыканскія даследчыкі ў свой час распрацавалі праект, згодна з якім стварылі лазерна- інтэрфераметрычную гравітацыйна-хвалевую абсерваторыю (LIGO). Назіранне за гравітацыйнымі хвалямі пачалі ў 2002 годзе, але толькі ў верасні 2015-га навукоўцам упершыню атрымалася зафіксаваць усплёск, які з'явіўся пры сутыкненні двух чорных дзірак.