Эканаміст: Даляр можа пераадолець «псіхалагічны бар'ер»
- 31.10.2017, 11:32
Цяперашні тыдзень будзе дастаткова багаты на падзеі, якія могуць паўплываць на курсы валют.
Агляд падзей на валютным рынку за мінулы тыдзень, а таксама прагноз аб курсах на гэты для Myfin.by зрабіў старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Ёсуб.
- На мінулым тыдні даляр вырас на 0,94%, еўра знізіўся на 0,61%, расейскі рубель таксама патаннеў, але зусім нязначна - на 0,05%. У выніку кошык падаражэў на 0,13%.
На мінулым тыдні адбылося істотнае зніжэнне еўра - па выніках пасяджэння Еўрапейскага цэнтральнага банка. На ім самі адсоткавыя стаўкі не змяніліся. Было заяўлена, што выкуп аблігацый з рынку будзе працягнуты як мінімум да верасня наступнага года. Але пры гэтым аб'ём выкупу зніжаецца з 60 да 30 млрд еўраў за месяц.
Таксама пасля пасяджэння прэс-канферэнцыі кіраўнік ЕЦБ Марыё Драгі заявіў, што стаўкі ў еўразоне не будуць падвышацца доўгі час пасля заканчэння выкупу папер з рынка. Агулам гэта было ўспрынята як заява аб надзвычай мяккай палітыцы ЕЦБ і пра тое, што стаўка да канца наступнага года падвышацца сапраўды не будзе. У выніку еўра ўпаў. За тыдзень пара еўра/даляр знізілася з 1,18 да 1,16. Адпаведна і на нашым рынку атрымаўся рост даляра з падзеннем еўра.
Гэты тыдзень будзе дастаткова багаты на падзеі, якія могуць паўплываць на дынаміку курсаў валют.
У аўторак асноўны ньюсмэйкер - Еўропа: выходзяць папярэднія звесткі аб УБП за трэці квартал, чакаецца што ён вырасце ў гадавым вылічэнні з 2,3% да 2,4%, але пры гэтым за квартальны знізіцца - з 0,6% да 0,5 %. Таксама выйдуць звесткі аб індэксе спажывецкіх коштаў за кастрычнік. Чакаецца, што рост складзе 1,4% у гадавым вылічэнні пры мэце 2%, а базавы ІСЦ - без уліку сезонных кампанентаў і энэрганосьбітаў - і зусім дадасць толькі 1,2%.
У сераду пройдзе пасяджэнне Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША аб адсоткавай стаўцы і прагучаць каментары наконт крэдытна-грашовай палітыкі. Але экспэрты не чакаюць тут ніякіх змен, асноўныя пастановы ФРС будзе прымаць на наступным пасяджэнні, якое адбудзецца ў сярэдзіне снежня.
У чацвер выйдуць звесткі аб беспрацоўі ў Нямеччыне. Гэтая статыстыка цікавая, бо нямецкая эканоміка - найбуйнейшая ў Еўропе.
А ў пятніцу будзе апублікаваная статыстыка аб рынку працы ў ЗША - узроўні беспрацоўя і колькасці новых працоўных месцаў. Гэта адзін з найважнейшых паказчыкаў, на які звяртае ўвагу ФРС пры вызначэнні сваёй манетарнай палітыкі.
Паводле прагнозу курсаў на гэты тыдзень інэрцыйна прадоўжыцца рост даляра і зніжэнне еўра. Пры гэтым амерыканская валюта да канца тыдня можа знаходзіцца ў дыяпазоне 1,97-2,01 рубля, еўра - у дыяпазоне 2,26-2,30, 100 расейскіх рублёў - 3,36-3,43.