BE RU EN

Генштаб УСУ: Пасля «Захад-2017» у Беларусі засталіся 5,8 тысяч расейскіх жаўнераў

  • 25.10.2017, 12:57

Вайскоўцы РФ увайшлі ў склад супольнай расейска-беларускай групоўкі.

5,8 тысячы вайскоўцаў Расейскай Федэрацыі не пакінулі Беларусь пасля заканчэння вучэнняў «Захад-2017». Пра гэта 24 кастрычніка падчас брыфінгу паведаміў начальнік Управы верыфікацыі Генштаба Узброеных сіл Украіны Андрэй Гудзь, піша «Укрінфарм».

На тэрыторыі Беларусі, са слоў Гудзя, была створаная групоўка з 12 тысяч беларуска-расейскіх вайскоўцаў, з якіх 5,8 тысяч - прадстаўнікі Расеі.

Факт знаходжання ў Беларусі расейскіх вайскоўцаў пацвердзіла міжнародная інспекцыя.

28 верасня ў інтэрв'ю Reuters начальнік Генеральнага штаба УСУ Віктар Мужэнка заявіў, што Расея не вывела з Беларусі ўсе свае вайсковыя падраздзяленні пасля вучэнняў «Захад-2017». У міністэрстве абароны РФ гэта сцверджанне адмаўляюць.

Вайсковыя вучэнні ў Беларусі з удзелам расейскіх войскаў праходзілі з 14 да 20 верасня. 21 верасня РФ пачала выводзіць тэхніку з краіны.

Сваю ўстурбаванасць з нагоды манеўраў выказвалі краіны Еўрапейскага звязу, NАТО і Украіна.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што расейскія вайскоўцы падчас вучэнняў адпрацавалі ўмоўнае нанясенне масаванага ракетна-ядзернага ўдару.

Апошнія навіны