BE RU EN

«Вас не турбуе праводка? Але мы ўсё адно ідзём да вас!»

  • 24.10.2017, 9:59

Новыя Астапы Бэндэры «апрацоўваюць» кватэры беларускіх гарадоў.

Следам за прадаўцамі фільтраў для вады і спецыялістамі рамонту аконных блокаў жыхароў Барысава сталі турбаваць прадаўцы разетак і выключальнікаў, піша ex-press.by.

Спрыт рук і ніякага махлярства

На стацыянарныя тэлефоны тэлефануюць, звяртаюцца да вас на імя ды імя па бацьку і нахабна пытаюцца, ці будзеце у прызначаны час дома? Вы, вядома, цікавіцеся, а навошта трэба быць дома? На што ідзе хуткі безапеляцыйны адказ:

— Да вас прыедзе электрык правяраць стан праводкі, разетак і выключальнікаў.

Голас гучыць пераканаўча. Той, хто гаворыць, ведае, як вас клічуць і ў якой кватэры вы жывяце. Значыць, гэта з дзяржаўнай арганізацыі, якая надумала паклапаціцца пра вас, думаеце вы. Бо дзяржава ў нас, як вядома, для народа. І вы згаджаецеся быць дома і чакаць электрыка. Калі вы, вядома, пенсіянер, ці маладая мама ў дэкрэце, або проста наіўны чалавек.

А далей адбываецца вось што. У прызначаны час прыходзіць электрык, у якога вы не просіце паказаць дакументы, бо пра яго візіт вас загадзя папярэдзілі. Ён аглядае праводку, разеткі і выключальнікі, запісвае штосьці ў бланк і просіць распісацца.

Вы распісваецеся, і высвятляецца, што вы падпісалі дамову на выкананне вам платных паслуг нейкай прыватнай фірмай — таварыствам з абмежаванай адказнасцю (ТАА) «Дыс Трэйл».

Так бы мовіць, спрыт рук і ніякага махлярства!

І гэты дакумент ужо цяжка аспрэчыць, бо ён набывае юрыдычную сілу.

Зразумела, што ў такую сітуацыю, перш за ўсё, трапляюць пенсіянеры, маладыя мамы ў дэкрэце і проста наіўныя людзі. Пра гэта ёсць ужо нямала сведчанняў. Не наіўныя людзі, як правіла, не падпісваюць дамовы. І трэба сказаць, што прадстаўнікі «Дыс Трэйл» гэта разумеюць і ні на чым не намагаюць.

Допыт без катавання

Чытач ex-Press.by даслаў на сайт відэа аб візіце ў ягоную кватэру такога электрыка. Атрымаўся гэткі допыт без катаванняў.

Запісаць відэа наш чытач наважыўся пасля таго, як у непрыемную сітуацыю ледзь была не трапіла ягоная паджылая маці, якая жыве асобна. Яна ўжо гатовая была падпісаць дамову, але ў апошнюю хвіліну надумала параіцца з сынам, які забараніў ёй рабіць гэта.

Пасля гэтага выпадку чытач ex-Press.by стаў чакаць званка ўжо ў сваю кватэру. І дачакаўся. Яму патэлефанавалі на хатні тэлефон з мабільнага тэлефона з нумарам +375 29 1973037. Назвалі імя ды імя па бацьку, а таксама назвалі нумар кватэры, у якой ён жыве, і папрасілі быць дома. Ён выканаў просьбу.

Электрык, які прыйшоў у прызначаны час, убачыўшы маладога чалавека і дагледжанае жытло, ніякіх непаладак у праводцы не выявіў і сабраўся было сыходзіць. Але чытач ex-Press.by надумаў напрыканцы пагутарыць з ім і запісаў размову на відэа.

Інфармацыя аб персанальных звестках абароненая законам

Вядома, вы маеце права нікога не ўпускаць у свой дом без пасведчання асобы, а камерцыйная фірма мае права праводзіць маркетынгавыя даследаванні з мэтай вывучэння попыту на збыт сваёй прадукцыі.

Усё гэта не супярэчыць нашым законам.

І ўсё ж ёсць пытанне. Адкуль у ТАА «Дыс Трэйл», якое ўнесенае ў Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў Барысаўскім райвыканкамам 12 траўня 2017 года, апынулася база персанальных звестак жыхароў нашага горада?

Само ТАА «Дыс Трэйл» было зарэгістравана на адрасе: г. Барысаў, вул. 1 Ліпеня, д. 6, п. 415. Але гэта не персанальныя звесткі, звесткі аб юрыдычным адрасе юрыдычнай асобы павінны быць агульнадаступныя, у адрозненне ад дакладнага адрасу, імя і прозвішча прыватнай асобы. Інфармацыя аб персанальных звестках абароненая законам.

Каментуе барысаўскі юрыст і праваабаронца Алег Мацкевіч:

— Прозвішча, імя і імя па бацьку ўладальніка кватэры жыхароў, належаць да асноўных персанальных звестак (арт 8 Закона «Аб рэгістры насельніцтва») і з'яўляюцца інфармацыяй, распаўсюджванне і (або) выдача якой абмежаваная (арт 17 Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі»).

Меры для абароны персанальных звестак ад выдавання павінны быць прынятыя з моманту, калі персанальныя звесткі былі выдадзеныя фізічнай асобай, якой яны належаць, іншай асобе альбо калі выдача персанальных звестак ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Наступная перадача персанальных звестак дазваляецца толькі з пісьмовай згоды фізічнай асобы, якой яны належаць, альбо ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Суб'ект інфармацыйных стасункаў, якія атрымалі персанальныя звесткі ў парушэнне патрабаванняў Закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі») і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, не мае права карыстацца імі (арт. 32).

Парушэнне заканадаўства аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі цягне за сабой адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Хто стукаецца ў дзверы да мяне?

ТАА «Дыс Трэйл» мае патрэбу не толькі ў пакупніках, але і ў прадаўцах. Апошняя аб'ява аб адкрытых вакансіях была размешчаная 17 кастрычніка. У патрабаваннях, што выстаўляюцца да прэтэндэнтаў, асабліва замілоўвае «стрэсаўстойлівасць».

Апошнія навіны