BE RU EN

«Прыязджаў уночы ў падраздзяленне, каб не было дзедаўшчыны»

  • 24.10.2017, 8:21

Нестатутныя дачыненні ў беларускім войску - вынік таго, што ўлада робіць са свядомасцю грамадзян.

Маёр запасу Дзмітрый Захарэвіч распавёў у інтэрв'ю «Белсату», што часам без «дзедаўшчыны» ў войску не абысціся, а вось яе брутальныя праявы - гэта наступствы таго, што дзеецца ў грамадстве.

«Дзедаўшчына» была спрадвеку. Не заўсёды хлопчыку патлумачыш, як належным чынам трэба нешта рабіць», - кажа Захарэвіч. А вось прыніжэнне і здзекі - «гэта вынік таго, што адбываецца ў грамадстве, на свядомасць і паводзіны якога ўплываюць серыялы тыпу «Брыгады» і шансон».

Каб не было трагедый у войску, на думку маёра ў запасе, афіцэры павінны 24-гадзіны кантраляваць сітуацыю: «Я прыязджаў уночы ў падраздзяленне, каб гэтага не было».

Нагадаем, што 3 кастрычніка 21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, набраны на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часткі пад Барысавам. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд. Бацькі і сябры загінулага ў гэтую версію катэгарычна не вераць.

10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні крымінальнай справы паводле ч 3 арт 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемадачыненняў паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус жаўнера, пры адсутнасці стасункаў падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы).

Апошнія навіны