BE RU EN

Навальны выйшаў на волю, прачытаўшы за 20 дзён 20 кніг

  • 22.10.2017, 10:55

Сёння расейскі апазіцыйны палітык выступіць на мітынгу ў Астрахані.

Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны выйшаў на волю пасля 20 дзён адміністрацыйнага арышту. Пра гэта ён паведаміў на старонцы ў Instagram.

«Я выйшаў. За 20 дзён прачытаў 20 кніг, вывучыў колькі слоў на кіргізскай, выпіў літраў 80 гарбаты і не менш за 60 разоў праслухаў песню «Дай мне слова, бо я тамада» па радыё. Гатовы да працы», - адзначыў ён.

Навальны заявіў, што сёння ўвечары выступіць на мітынгу ў Астрахані.

Пасля вызвалення палітык паехаў у офіс Фонду барацьбы з карупцыяй, паведамляецца на сайце фотапраекта «Гэта Навальны».

Агенцтва «Інтэрфакс» піша, што ля спецпрыёмніка на вуліцы Мнеўнікі ў Маскве, дзе адбываў пакаранне Навальны, раніцай сабраліся журналісты. Убачыць палітыка ім не ўдалося.

Тэлеканал «Дождь» паведамляе, што ў папярэднія разы палітыка вывозілі са спецпрыёмніка ў аддзяленне паліцыі і адпускалі там.

Навальнага затрымалі 29 верасня ў пад'ездзе дома ў Маскве. Ён збіраўся на вакзал, каб ехаць на мітынг у Ніжнім Ноўгарадзе. Палітык сцвярджаў, што мерапрыемства санкцыянаванае гарадскімі ўладамі. Аднак улады адклікалі ўзгадненне, каб правесці спартовы фестываль.

13 снежня 2016 года Навальны абвясціў аб пастанове ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта Расеі. Ён заявіў, што ідзе на выбары «з праграмай аб тым, як зрабіць Расею справядлівай і сучаснай».

8 лютага 2017 года ў паўторным слуханні справы аб крадзяжы ў асабліва значнай суме ў кампаніі «Кіраўлес» Ленінскі раённы суд горада Кірава прызнаў Навальнага вінаватым і прысудзіў да пяці гадоў пазбаўлення волі ўмоўна, а таксама прызначыў штраф сумай 500 тысяч руб.

Выступаючы 3 лютага з апошнім словам у рамках перагляду справы кампаніі «Кіраўлес», палітык заявіў, што прысуд не спыніць ягоную выбарчую кампанію ў прэзідэнты Расеі.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі РФ Эла Памфілава адзначыла, што Навальны зможа ўзяць удзел у выбарах прэзідэнта ў 2018 годзе, толькі калі з яго здымуць судзімасці або зменяць заканадаўства.

Апошнія навіны