BE RU EN

Трамп паабяцаў рассакрэціць дакументы паводле справы Кенэдзі

  • 21.10.2017, 22:12

Гэтыя матэрыялы заставаліся сакрэтнымі цягам 25 гадоў.

Пра гэта прэзідэнт ЗША паведаміў у Twitter.

«У выпадку падачы далейшай інфармацыі, я, як прэзідэнт, рассакрэчу звязаныя з забойствам Джона Кенэдзі дакументы, якія былі доўга заблакаваныя», - напісаў ён.

Нацыянальны архіў 26 кастрычніка павінен рассакрэціць блізу 3,1 тысячы дакументаў ЦРУ і ФБР, якія тычацца забойства Кенэдзі.

Гэтыя матэрыялы заставаліся сакрэтнымі цягам 25 гадоў у адпаведнасці з законам. Закон аб публікацыі гэтых матэрыялаў быў падпісаны прэзідэнтам Джорджам Бушам-старэйшым у 1992 годзе.

ДАВЕДКА. Джон Фіцджэральд «Джэк» Кенэдзі - амерыканскі палітычны дзеяч, 35-ы прэзідэнт ЗША (1961-1963). У сучаснай грамадскай свядомасці Кенэдзі часцей за ўсё звязваюць з ягоным загадкавым забойствам, якое ўзрушыла ўвесь свет, шматлікія гіпотэзы якога вылучаюцца па гэты дзень.

22 лістапада 1963 года, падчас візіту ў Далас, штат Тэхас, Джон Ф. Кенэдзі быў смяротна паранены са снайперскай вінтоўкі ў сваім адкрытым лімузіне на адной з цэнтральных вуліц горада. Прэзідэнт быў неадкладна дастаўлены ў шпіталь «Паркленд», дзе пасля беспаспяховых спробаў рэанімацыі быў абвешчаны мёртвым блізу 13:00 паводле мясцовага часу. Спецыяльна створаная камісія Уорэна паказала, што забойцам Кенэдзі быў стралок-адзіночка Лі Харві Освальд. Велізарная колькасць сацыяльных апытанняў, праведзеных ва ўсёй краіне, паказала, што не менш за 60% насельніцтва Амерыкі не вераць у тое, што Освальд забіў прэзідэнта ці, прынамсі, дзейнічаў адзін.

Апошнія навіны