BE RU EN

Якім убачыў Менск 1920-х гадоў класік беларускай фатаграфіі

  • 20.10.2017, 19:26

Чорна-белая гісторыя нашай сталіцы вачыма Льва Дашкевіча.

Цяпер Леў Дашкевіч (1882-1957) неафіцыйна лічыцца класікам беларускай фатаграфіі. Хоць аж да 1990-х гадоў яго працы знаходзіліся ў катэгорыі ананімных. Прапануем вам пазнаёміцца з унікальнымі фотаздымкамі старога Менску з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. Дарэчы, усе работы майстра ўвайшлі ў кнігу «Леў Дашкевіч. Каталог», якая была надрукаваная ў рамках «Месяца фатаграфіі ў Менску», піша tut.by.

Усе працы Дашкевіча былі падпісаны двума літарамі - LD. Іх расшыфроўкай занялася Надзея Саўчанка, загадчыца аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц Нацыянальнага гістарычнага музея. У ходзе пошукаў яна выцягнула «шчаслівы квіток»: пазнаёмілася з 90-гадовым сынам фатографа Львом, які жыў у Маскве. Дашкевіч-малодшы паспеў перадаць у Менск фотакамеру бацькі і сямейныя здымкі (бо дагэтуль у фондах Гістарычнага музея знаходзілася толькі этнаграфічная экспедыцыйная калекцыя 1923 году, якую здымаў Дашкевіч).

Леў Дашкевіч нарадзіўся 12 лютага 1882 года ў Менску. Вучыўся ў Францыі, жыў у Закаўказзі. У яго біяграфіі быў і цёмны перыяд. Сам майстар быў арыштаваны паводле справы міфічнага «Саюза вызвалення Беларусі», па якім праходзілі найлепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Праўда, калі зыходзіць з рэалій таго часу, фатографу вельмі пашанцавала. Пад арыштам ён правёў усяго некалькі месяцаў і быў вызвалены ў верасні 1930 года.

У далейшым Дашкевіч жыў у Менску і Бішкеку (у эвакуацыі падчас Другой сусветнай вайны). Памёр у 1957 годзе і быў пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Да прызнання і пасмяротнай славы заставалася практычна паўстагоддзя.

Арыгіналы работ Дашкевіча можна ўбачыць у Нацыянальным гістарычным музеі (вуліца Карла Маркса, 12), дзе цяпер праходзіць ягоная выстава.

ПАЎДНЁВА-ЗАХОДНЯЯ ЧАСТКА ПЛОШЧЫ СВАБОДЫ З ВЫГЛЯДАМ НА АРХІТЭКТУРНЫ АНСАМБЛЬ ЕЗУІЦКАГА КОМПЛЕКСУ
Менск. Будаўніцтва жылога дома на 73 кватэры, кут камсамольскай і Карла Маркса. 1930 год
Менск. Гарбарны завод «Бальшавік». Галоўны корпус на вуліцы Кастрычніцкая
Менск. Нервовая клініка. 1920-я гады. Знаходзілася па адрасе: вуліца Свярдлова, 13. Недабудаваны з часоў 1-й сусветнай вайны будынак быў перададзены ў вядзенне Народны камісарыят аховы здароўя ў 1923 годзе. Адкрылася для хворых восенню 1924 года
Частка экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея (цяпер Нацыянальны гістарычны музей) у будынку на Архірэйскім падворку (вуліца Чырвонаармейская, 3). Менск. 1923 год
У адной з заляў Беларускага дзяржаўнага музея. Менск, 1923 год
У адной з заляў Беларускага дзяржаўнага музея. Менск, 1923 год
У адной з заляў Беларускага дзяржаўнага музея. Менск, 1923 год
Інтэр'ер былой Пакроўскай царквы на Архірэйскім падворку. Рамонтныя работы (магчыма, насцілаюць падлогі) у будынку царквы 2-га паверха. Менск, 1923 год. Пазней перабудаваная і стала часткай Дома афіцэраў
Менск. Від на Верхні горад. 1920-1930-я гады
Зимний лес под Минском. 1925−1927 годы
У адным з цэхаў Менскага механічнага (?) завода. 1930-я гады
У саматужнай нікеліровачнай майстэрні Левандоўскі, якая размяшчалася на вуліцы Чырвонаармейскай, 13. Менск, 1920-я гады.

Апошнія навіны