BE RU EN

Рабочыя «Пінскдрэва»: Будзем гаварыць на мове страйку

  • 20.10.2017, 11:24

На прадпрыемстве Рада рабочых распаўсюджвае ўлёткі.

Улёткі з заклікам правесці акцыю памяці 25 кастрычніка аб загінулых на «Пінскдрэве» з'явіліся ў Пінску і ў цэхах самога прадпрыемства, паведамляе «Радыё Рацыя».

Улёткі падпісаныя Радай рабочых «Пінскдрэва», якая ў пачатку кастрычніка заявіла аб неабходнасці годна ўзгадаць 7-ю гадавіну трагедыі і ўшанаваць усіх ахвяр і пацярпелых. Заклік адміністрацыя прадпрыемства праігнаравала. Калі ініцыятарам будуць перашкаджаць у правядзенні акцыі, актывісты Рады абяцаюць перайсці да больш радыкальных крокаў:

- Аматараў вылічыць і рэпрэсаваць рабочых мы адразу хочам папярэдзіць, што мы будзем гаварыць з вамі на той мове, якая да вас даходзіць лепш за ўсё. На мове рэгулярных і добра арганізаваных страйкаў. Мы не рабочае быдла, за якое нас звыклі ўважаць усялякія дармаеды ў кабінетах. Мы - рабочыя. І мы прымусім сябе паважаць!

Пакуль з інфармацыі ініцыятараў, кіраўніцтва мэблевага прадпрыемства «Пінскдрэў» заняло пазіцыю ігнаравання, але ўсё будзе відавочна непасрэдна 25 кастрычніка.

Нагадаем, што ў гэты дзень, 7 гадоў таму, на адным з заводаў «Пінскдрэва» адбыўся выбух з віны адміністрацыі. У выніку загінулі 14 чалавек і дзясяткі атрымалі траўмы.

Апошнія навіны