BE RU EN

Бэрлін заклікае Мадрыд і Барселону да перамоў

  • 2.10.2017, 18:21

Кіраўнік МЗС ФРГ мяркуе, што Мадрыду і Барселоне трэба сесці за стол перамоў.

Урад Нямеччыны заклікаў захоўваць спакой пасля правядзення рэферэндуму ў Каталоніі пра самавызначэнне. Кіраўнік МЗС ФРГ Зігмар Габрыэль прапанаваў гішпанскаму ўраду і ўраду каталонскай аўтаноміі правесці перамовы, каб «прыйсці да палітычна жыццяздольнага развязання» і пазбегнуць «унутраных расколаў», паведамляе «Нямецкая хваля».

На думку Габрыэля, важна дзейнічаць «у рамках прававой дзяржавы і гішпанскай канстытуцыі». Нямеччына з Гішпаніяй «звязаная самым цесным чынам», а Бэрлін зацікаўлены ў Мадрыдзе як у моцным партнёра - сябры ЕЗ, растлумачыў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства ФРГ.

Пасля правядзення рэферэндуму кіраўнік каталонскага ўрада Карлес Пучдэман мяркуе, што рэферэндум мае законную сілу, а яго вынік абавязковы да выканання. З ягоных слоў, пытанне аб выхадзе Каталоніі са складу Гішпаніі павінен вырашыць рэгіянальны парламент. Прэм'ер-міністр Гішпаніі Марыяна Рахой назваў галасаванне ў Каталоніі незаконным.

Апошнія навіны