BE RU EN

«У Венесуэле застаўся толькі адзін наш супрацоўнік»

  • 19.10.2017, 21:15

Як зараз працуюць беларускія кампаніі ў Венесуэле?

У часы Уга Чавеса беларуска-венесуэльскія стасункі развіваліся вельмі актыўна, таваразварот паміж нашымі краінамі дасягаў 580,8 мільёна даляраў, з'явіліся сумесныя СП у нафтавай галіне, у машынабудаванні, а беларускія будаўнікі ўзялі на сябе абавязанні ўзвесці для венесуэльцаў 10 тысяч кватэр. Але ўжо летась мы нагандлявалі з Баліварыянскай Рэспублікай усяго толькі на два мільёны даляраў!

У студзені-ліпені гэтага года гэты паказчык трохі палепшыўся: таваразварот склаў 5,4 млн даляраў, піша «Народная Воля».

Што датычыцца сумесных праектаў, то і тут сітуацыя далёкая ад ідэальнай.

«Мы асцерагаемся за бяспеку нашых супрацоўнікаў»

«Петралера БелаВенесалана» - адно з першых беларуска-венесуэльскіх СП, што спецыялізуецца ў здабычы нафты. Створанае ў 2007 годзе ў перыяд чарговай расейска-беларускай «нафтавай вайны», калі Расейская Федэрацыя пагражала змяніць умовы паставак нафты ў Беларусь.

У 2010-м у Беларусь танкерамі былі дастаўленыя першыя тысячы тон венесуэльскай нафты, здабытыя «Петралера БелаВенесалана». Пазней ад паставак чорнага золата з Баліварыянскай Рэспублікі мы адмовіліся, але свой інтарэс у здабычы нафты ў Венесуэле захавалі.

Доля беларускага боку ў «Петралера БелаВенесалана» складае 40%. Яшчэ нядаўна паведамлялася, што гэтая кампанія ў сярэднім здабывае ў год блізу 1 мільёна тон нафты і 900 мільярдаў куб. метраў газу на сямі нафтавых і шасці газавых радовішчах. А што цяпер?

- Прадпрыемства працуе, здабыча нафты вядзецца, - тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці «Петралера БелаВенесалана» Павел Лях. - Але штат прадпрыемства скараціўся. Венесуэла цяпер перажывае складаны, напружаны перыяд, у краіне ёсць пэўныя праблемы, мы асцерагаемся за бяспеку персаналу, таму беларусы, якія там працавалі, пакінулі краіну. У Венесуэле застаўся толькі адзін наш супрацоўнік, вельмі дасведчаны, які працуе ў СП з дня яго заснавання. Ён суправаджае інтарэсы «Беларуснафты» ў кампаніі. Плюс мы працуем праз схему відэаканферэнцый, пры неабходнасці падлучаем да дыялогу тэхнічных супрацоўнікаў з венесуэльскага боку для абмеркавання пытанняў, якія нам цікавыя.

- Колькі беларусаў раней працавала ў Венесуэле на вашым прадпрыемстве?

- Больш за 50 чалавек. Мы спадзяёмся, што скарачэнне персаналу - гэта часовая з'ява. Хацеў бы адзначыць, што, нягледзячы на складанасці, доля ўдзелу «Беларуснафты» у СП захавалася, дывідэнды ад продажу нафты мы атрымліваем.

- І якія гэта сумы?

- Гэта службовая інфармацыя.

- А аб'ёмы здабычы нафты ўдалося захаваць?

- Аб'ёмы, на жаль, упалі адносна паказчыкаў папярэдняга года. Зноў-такі з прычыны складанай сітуацыі ў Венесуэле. Але гэта не крытычная пазіцыя.

«Петралера БелаВенесалана» - не адзінае сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства, завязанае на здабычы нафты. У 2007 годзе было створанае СП па сейсмаразведачных работах «Сісміка БелаВенесалана», у 2011-м - «Сервисос Петролерос БелаВенесалана», якое займаецца бурэннем і рамонтам свідравін. Па словах Паўла Ляха, гэтыя прадпрыемствы таксама сёння працуюць у Венесуэле, ёсць у іх штаце і беларусы, але аб'ёмы работ, што выконваюцца гэтымі СП, значна скараціліся.

Супрацоўніцтва прыпыненае

Варта адзначыць, што пры Уга Чавесу планавалася адкрыць у Венесуэле 15 сумесных прадпрыемстваў. Але рэальна запрацавалі толькі СП у нафтаперапрацоўчай галіне, а таксама завод зборкі трактароў «Беларус» «ВенеМенск Тракторэс», грузавых аўтамабіляў МАЗ - «МАЗВен» і завод вытворчасці дарожна-будаўнічай тэхнікі «Амкадор».

Сёння гэтыя прадпрыемствы фактычна не працуюць. Афіцыйныя звесткі сведчаць: у 2017 годзе на беларуска-венесуэльскіх СП сабрана 14 аўтамабіляў МАЗ і 8 трактароў.

- На жаль, пахваліцца няма чым, - шчыра прызнаецца намеснік маркетынг-дырэктара ў камерцыйнай рабоце на рынках далёкага замежжа Менскага трактарнага завода Дзмітрый Шчасны. - Сёння на «ВенеМенск Тракторэс» збіраецца вельмі мала трактароў, і яны рэалізуюцца венесуэльскім сельгаспрадпрыемствам за сімвалічную суму. Каб было зразумела, растлумачу: гэты завод будаваўся за венесуэльскія грошы, наша доля ў СП - гэта інтэлектуальная ўласнасць, інжынірынгавая падтрымка. Збіраюцца трактары з камплектуючых, якія пастаўляе МТЗ. Да нядаўняга часу нашы спецыялісты пастаянна кантралявалі якасць прадукцыі, што выпускаецца на «ВенеМенскТракторэс», удзельнічалі ў зборцы. Але ўжо амаль год як мы прыпынілі свой удзел у гэтай кампаніі да таго часу, пакуль не будзе вырашана пытанне з фінансаваннем. Справа ў тым, што венесуэльскі бок не разлічыўся з МТЗ за пастаўленыя камплектуючыя, запазычанасць вырасла досыць вялікая. Плаціць яны не адмаўляюцца, але пытанне пакуль не вырашанае.

Са слоў Дзмітрыя Шчаснага, праект з венесуэльскім бокам МТЗ зачыняць не мае намеру. «Усе думаюць пра тое, як вызначыць далейшыя ўзаемаадносіны, - кажа ён. - Гэта праект дзяржаўнага ўзроўню, міністэрствы і з нашага боку, і з венесуэльскай шукаюць агульныя падыходы, каб вытворчасць трактароў была ўзаемавыгаднай для двух бакоў».

«Мы адна з апошніх замежных кампаній, якая застаецца ў Венесуэле»

З 2007 года ў Венесуэле працуе беларуская будаўнічая кампанія - «Белзамежбуд». Яна, можна сказаць, стваралася пад венесуэльскі рынак і брала на сябе абавязанні пабудаваць у Баліварыянскай Рэспубліцы за кошт венесуэльскага бюджэту аб'екты прамысловай і грамадзянскай інфраструктуры.

«Белзамежбуд» стаў актыўным удзельнікам нацыянальнай венесуэльскай праграмы, абвешчанай яшчэ Уга Чавесам, - «Вялікая місія жылля». Праграма прадугледжвала будаўніцтва трох мільёнаў кватэр да канца 2019 года. Беларусы абавязаліся пабудаваць у некалькіх рэгіёнах краіны 10 тысяч сацыяльных кватэр - звычайных панэлек, якіх поўна ў нашых гарадах. Апошнюю справаздачу аб праведзенай рабоце па праграме «Вялікая місія жылля» на сайце «Белзарубежбуд» датаваная лютым гэтага года. У публікацыі адзначалася, што «Белзамежбуд» здаў у эксплуатацыю чарговыя 288 кватэр у адным з комплексаў «Горад Цівуна», які беларускі забудоўшчык узводзіць у сталіцы Венесуэлы Каракасе. Мабыць, падкрэсліваючы важнасць падзеі, паведамлялася, што на цырымоніі прысутнічаў прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура.

Таксама са справаздачы кампаніі вынікала, што на люты 2017 году «Белзамежбуд» здаў заказчыку 7 тысяч 256 кватэр з заяўленых 10 тысяч. І, напрыклад, у штаце Барынас, дзе беларусы абавязаліся ўзвесці тры тысячы кватэр, не пабудаваная і палова ад запланаванага жылля. Гэта значыць праца ў Венесуэле для «Белзарубежбуда» ёсць. Аднак казаць аб тым, колькі сёння беларускіх будаўнікоў працуе ў Венесуэле, на якіх умовах працуе ў Баліварыянскай Рэспубліцы кампанія, супрацоўнікі «Белзарубежбуда» адмаўляюцца. Генеральны дырэктар «Белзарубежбуда» Віталь Бандарык у сваім каментары быў нешматслоўны.

«Мы адна з апошніх замежных кампаній, якія працуюць сёння ў Венесуэле, - заявіў ён. - Стараемся, працуем, але не так паспяхова, як маглі б».

Апошнія навіны