BE RU EN

У Браслаўскім раёне з ІП масава збіраюць грошы на «суботнік»

  • 19.10.2017, 17:59

Чыноўнікі «просяць» прадпрымальнікаў пералічыць 200 рублёў.

Пра тое, што кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, а таксама прадпрымальнікаў чарговым разам папрасілі перавесці грошы нібыта на раённы суботнік і добраўпарадкаванне тэрыторыі, nn.by стала вядома ад уласнай крыніцы.

У мясцовага актывіста незразумелыя лісты з гэтымі просьбамі, з якіх становіцца ясна, што ў зборы сродкаў задзейнічаная асноўная артылерыя райвыканкама, а фіксаванай сумы для работнікаў эканамічнай сферы не існуе: адных просяць пералічыць на рахунак палову базавай адзінкі (11,5 рублёў), іншым рэкамендуецца перавесці 35 рублёў, а некаторым - наогул 200.

Сам суботнік адбыўся 7 кастрычніка, але «заробленыя» на ім грошы просяць пералічваць аж да 30 кастрычніка.

«Вядома, такія паборы характэрныя для нашай дзяржавы і адбываюцца не ўпершыню, але ў Браславе сёлета яны прынялі асаблівы размах: чыноўнікі асабіста кантралююць гэты працэс, а калі грошы не паступаюць або сума меншая, чым «папрасілі», прадпрымальнікам зноўку тэлефануюць і просяць пісаць афіцыйнае тлумачэнне. Прычым, ніхто не ўлічвае эканамічны стан асобных людзей: так, у майго сябра хварэе дзіця, і лішніх грошай у сям'і няма. А куды гэтыя сродкі потым ідуць - сапраўды даведацца амаль немагчыма», - абураецца браславец.

Мясцовы аддзел эканомікі мяркуе, што названыя сумы не могуць быць праблемай для прадпрымальнікаў:

«Вы сапраўды мяркуеце, што гэтыя грошы - праблема для прадпрымальнікаў, для тых людзей, у каго ёсць стабільны даход? Трэба разумець, што дзяржаўнае фінансаванне для развіцця інфраструктуры гарадоў цяпер мінімальнае, а сабраныя сродкі пойдуць на карысць іх жа раёна», - пракаментавала начальніца аддзела эканомікі Браслаўскага райвыканкама Алена Дранеўская.

Падтрымлівае яе і начальнік управы сельскай гаспадаркі і харчавання Максім Чагарын, ставячы ў прыклад сябе: «Я сам здаў грошы на суботнік. Калі мы хочам, каб наш горад стаў больш прыгожым і каб хоць бы крышачку развіваўся, трэба ўжываць такія захады».

Некаторыя звязваюць такую падвышаную актыўнасць у пошуку дадатковых сродкаў з тым, што у 2019 годзе ў Браславе запланавалі правядзенне абласных «Дажынак». Гэта значыць, што наступны год будзе падрыхтоўчым, і сродкі на правядзенне раёна ў парадак трэба шукаць аператыўна. Аднак згодна з заканадаўствам, ніхто не можа прымусіць беларусаў ні працаваць без іх згоды, ні здаваць грошы ў кошт суботнікаў: усё гэта павінна адбывацца на добраахвотнай аснове.

Апошнія навіны