BE RU EN

РФ увяла санкцыі супраць КНДР праз год пасля рэзалюцыі ААН

  • 16.10.2017, 21:13

Пуцін увёў санкцыі супраць Пхеньяна прамінулай датай.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ, які абмяжоўвае супрацоўніцтва з Паўночнай Карэяй у адказ на правядзенне Пхеньянам ракетна-ядзерных выпрабаванняў. Дакумент, апублікаваны на афіцыйным партале прававой інфармацыі, прамінулай датай - з 30 лістапада 2016 году - уводзіць у дзеянне ў Расеі рэзалюцыю Рады Бяспекі ААН, таксама прынятую 30 лістапада 2016 года пасля правядзення КНДР ядзерных выпрабаванняў і пуску трох балістычных ракет, паведамляе «Нямецкая хваля».

Як вынікае з тэксту указа, Расея прыпыняе навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва «з асобамі і групамі асоб, якія прадстаўляюць КНДР». Выключэнне складаюць такія вобласці, як медыцына, ядзерная навука і тэхніка, аэракасмічнае машынабудаванне і авіяцыйная тэхніка, а таксама перадавыя вытворчыя тэхналогіі. Супрацоўніцтва ў гэтых сферах магчыма толькі ў тым выпадку, калі яно не будзе спрыяць развіццю ядзернай праграмы КНДР, гаворыцца ў дакуменце.

Забарона на куплю металаў і продаж прадметаў раскошы

Расея таксама абмяжоўвае супрацоўніцтва з Пхеньянам у вайскова-тэхнічнай і транспартнай сферах, гандлі, фінансах і адукацыі. Між іншым, расейскія грамадзяне і кампаніі не змогуць набываць медзь, нікель, срэбра і цынк. Акрамя таго, забараняецца транзіт праз расейскую тэрыторыю і вываз у КНДР шэрагу прадметаў раскошы - дываноў і габеленаў коштам больш за 500 даляраў ЗША, а таксама парцалянавага посуду коштам больш за 100 даляраў ЗША.

У Паўночнай Карэі будуць зачыненыя ўсе прадстаўніцтвы і філіялы расейскіх банкаў, а таксама банкаўскія рахункі расейскіх кампаній. Выключэнне будуць складаць выпадкі, калі гэтыя рахункі неабходныя для забеспячэння дзейнасці дыпмісіі РФ і аказання гуманітарнай дапамогі.

КНДР, у сваю чаргу, павінна скараціць колькасць сваіх банкаўскіх рахункаў у Расеі да аднаго на кожнае дыпламатычнае прадстаўніцтва або консульскую арганізацыю. Паўночнай Карэі таксама забараняецца карыстацца нерухомасцю ў Расеі акрамя выпадкаў, калі гэта неабходна ў дыпламатычных мэтах.

Апошнія навіны