BE RU EN

Мікалай Статкевіч: У Беларусі знойдуцца мужчыны, якія выйдуць 21 кастрычніка на Плошчу

  • 16.10.2017, 20:41

Кожны ахвочы можа прыйсці на Марш абураных беларусаў 2.0 са сваім плакатам.

Мікалай Статкевіч паінфармаваў Менгарвыканкам аб правядзенні 21 кастрычніка а 14 гадзін на Кастрычніцкай плошчы сталіцы Марша абураных беларусаў 2.0. Гэта не падача заяўкі ў звыклым пісьмовым выглядзе, а менавіта паведамленне, якое Статкевіч накіраваў па электроннай пошце і зарэгістраваў на сайце Менгарвыканкама, сказаў палітык «Радыё Свабода».

Такую форму адзін з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу абраў таму, што «ранейшы досвед паведамленняў у Менгарвыканкам аб планаваных мірных сходах паказаў нежаданне ўладаў прытрымлівацца заканадаўства і міжнародных абавязанняў, узятых на сябе нашай краінай. Таму прапаную выканаць патрабаванні Канстытуцыі і гарантаваць бесперашкоднае і бяспечнае правядзенне масавага мерапрыемства».

Калі раней планавалася падчас акцыі абмяркоўваць збольшага эканамічныя пытанні, то цяпер дадалася яшчэ адна вострая праблема, звязаная з гібеллю жаўнера ў Печах, патлумачыў Мікалай Статкевіч.

«Спачатку мы планавалі акцыю супраць збяднення народу. Але цяпер прапануем і яшчэ адну тэму — беззаконня ў войску. Праблема дзедаўшчыны ў войску хвалюе і моладзь, і іх бацькоў. І трагічны выпадак у Печах узрушыў беларускае грамадства. Кожны ахвотны можа прыходзіць са сваім плакатам», — сказаў палітык.

На пытанне, ці далучацца да акцыі, якую ладзіць Беларускі нацыянальны кангрэс, іншыя палітычныя сілы, Мікалай Статкевіч адказаў, што тыя, хто рэальна хоча змагацца, аб’ядналіся ў БНК, асабліва ў рэгіёнах.

«Усё жывое — тут, у Беларускім нацыянальным кангрэсе. А ёсць яшчэ так званая «пакаёвая апазіцыя», якая пачала выпаўзаць на вуліцу, калі каралі ў асноўным штрафамі, а штрафы аплачвалі праваабаронцы. А цяпер, калі лідарам пачалі даваць рэальныя суткі — яны зноў сталі «пакаёвай апазіцыяй». Але, спадзяюся, у Беларусі знойдуцца мужчыны, якія не пабаяцца выйсці на Кастрычніцкую плошчу, — кажа Статкевіч.

Апошнія навіны