BE RU EN

У Кіеве з'явілася вуліца Яна Паўла II

  • 16.10.2017, 12:20

У сталіцы Украіны ўрачыста адкрылі вуліцу пантыфіка і мурал з ягонай выявай.

У нядзелю, 15 кастрычніка, у Пячэрскім раёне Кіева адбылося ўрачыстае адкрыццё вуліцы Яна Паўла II (былая Патрыса Лумумбы) і мурал з ягонай выявай, паведамляе «Радыё Польшча».

У імпрэзе ўзялі ўдзел чальцы польскага парламента, амбасадар Польшчы, а таксама прадстаўнікі Ватыкана.

«Найсвяцейшы Айцец Папа Францішак перадае шчырыя вітанні, выказваючы сваё прызнанне гэтай ініцыятывы, годнай хвалы, і жадае, каб яркія прыклады і вучэнні незабыўнага пантыфіка сталі заахвочваннем і надалей з радасцю пільнаваліся шляху хрысціянскага сведчання і служэння бліжняму», - сказаў на ўрачыстым адкрыцці папскі сакратар кардынал П'етра Паралін.

Пасол Польшчы ва Украіне Ян Пекла на адкрыцці мурала адзначыў, што пантыфік прыняў важны ўдзел у станаўленні краін постсавецкай прасторы пасля распаду СССР. Ва Украіне імем Яна Паўла II названыя вуліцы таксама ў Хмяльніцкім, Івана-Франкоўску, Вінніцы і Жытоміры.

Апошнія навіны