BE RU EN

У Барысаве на Дзень маці адбылося яшчэ адное надзвычайнае здарэнне

  • 16.10.2017, 10:38

Работніцы прадпрыемства «Фаўна» выпілі невядомую вадкасць.

Раніцай 14 кастрычніка жанчыны, як звычайна, прыйшлі на працу - пачыналася іх змена на прадпрыемстве «Фаўна». Яно займаецца вырабам прадуктаў з рыбы.

Жанчыны працавалі два рознарабочымі. Пакуль яны пераадзеліся, у бакоўку прыйшла прыбіральшчыца. Было пад 9 раніцы.

Прыбіральшчыца паведаміла, што знайшла ў курыльні на другім паверсе чыюсьці схованку - бутэльку бальзаму «Чорны знахар» і прапанавала адзначыць Дзень маці.

«Там дзіўная гісторыя. Бутэлька была няпоўная, але, здаецца, заклееная акцызнай маркай. Жанчыны адкрылі, разлілі. Іх было шэсць, але адная піць не захацела. Прыбіральшчыца ўзяла «на язык» і таксама не захацела. Астатнія надумалі трохі выпіць. На пецярых выйшла па няпоўнай чарцы, - расказаў «Нашай Ніве» сын адной з жанчын. - Гэта значыць незразумела, як бутэлька была закрытай - паловы літра там не было дакладна".

Тры жанчыны выпілі адразу. Рэакцыя была імгненнай - пачало круціць жывот, ваніты, пекла ў роце і горле. Жанчыны ўпалі на падлогу. Дзве жанчын выпілі на пару секунд пазней. Убачыўшы, што адбываецца з іх калегамі, яны пачалі засоўваць пальцы ў рот, каб іх званітавала.

Жанчына, якая не піла, выклікала хуткую. Работніц забралі ў шпіталь. Трое з тых, хто выпілі першымі, цяпер у Менску, у аддзяленні таксікалогіі. У іх апаленыя страўнікі, глотка, стрававод.

Дзве жанчыны ў шпіталі ў Барысаве, у лор-аддзяленні. У іх апаленая глотка, вадкасць не паспела дайсці да страўнікаў.

«Я патэлефанаваў маці а 9 раніцы, павіншаваць са святам. Слухаўку падняла іншая жанчына, паведаміла, што маму забралі ў рэанімацыю. Цяпер яе стан вельмі дрэнны, - распавёў сын адной з пацярпелых, -

Мне сказалі лекары так - тым, хто ў Менску, трэба пратрымацца 2 тыдні. Тым, хто ў Барысаве - тыдзень. Калі за гэты час не памруць, то выкараскаюцца».

Ён намагае - жанчыны не мелі праблем з алкаголем і проста надумалі выпіць па чарцы з нагоды свята. Усе пацярпелыя рознага ўзросту (каму 40 гадоў, каму 46, каму 23).

«Звычайныя працаўніцы, - кажа хлопец. - Яны не жлукты».

Што ж было ў той бутэльцы?

На прадпрыемства прыязджалі міліцыянты. Бутэльку забралі на экспэртызу.

«Дакладна невядома, што было ў ёй. Але кажуць, што шчолач. Справа ў тым, што на прадпрыемстве захоўваецца шмат хімічных рэчываў. І кажуць, што вадкасць для чысткі чанаў ад рыбы акурат колерам і кансістэнцыяй падобная да таго бальзаму. А яна вельмі-вельмі моцная, з ёй працуюць у пальчатках, бо скуру нават можа спаліць, - распавядае сын пацярпелай работніцы. - Гэта значыць, хутчэй за ўсё, хтосьці надумаў вынесці трохі гэтай вадкасці сябе дадому, наліў у бутэльку з-пад «Чорнага знахара» і схаваў. А прыбіральшчыца знайшла».

Цяпер, кажа хлопец, падняўся шум на прадпрыемстве. Магчыма, пакараюць начальніцу змены, прыбіральшчыцу і кладаўшчыка, які адказвае за захоўванне хімічных рэчываў, мяркуе хлопец.

«Маёй сястры ўжо тэлефанаваў той кладаўшчык, казаў, быццам ён адгаворваў жанчын піць той «бальзам». А напраўду яго ў той дзень наогул на працы не было», - кажа хлопец.

Пацярпелыя жанчыны пакуль змагаюцца за жыццё. Кажуць, што на месца здарэння выязджалі следчыя. Паводле факту здарэння можа быць распачатая крымінальная справа.

Апошнія навіны