Міністр абароны Раўкоў ведаў пра сітуацыю ў частках Барысава
- 14.10.2017, 13:46
Сям'я загінулага ў сакавіку Арцёма Басцюка была на прыёме ў Міністэрстве абароны за чатыры месяцы да гібелі Аляксандра Коржыча.
Як паведаміла «Свабодзе» Тацяна Басцюк, яна разам з мужам была на прыёме ў Мінабароны ў траўні.
«Мы былі там разам з мужам. Апавялі пра ўсё, што ведалі ад сына. Пра тое, як спрабавалі размаўляць з камандзірам часткі. На сустрэчы прысутнічаў асабіста міністр абароны, ягоныя намеснікі. Чалавек 15 там было. Сакратары ўсе нашы словы запісвалі. Міністр абароны нам паабяцаў ва ўсім разабрацца», – апавяла Таццяна Басцюк.
25-гадовы Арцём Басцюк быў 31 сакавіка знойдзены павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі № 25849, якая размяшчаецца побач з ваенным гарадком Печы ў Барысаве. Паводле словаў родных, за некалькі тыдняў да смерці ён у прысутнасці бацькоў называў камандзіру імёны і прозвішчы тых вайскоўцаў, якія рабілі на яго ціск. 12 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў, што справа пра смерць Басцюка закрытая праз недахоп доказаў.
3 кастрычніка ў склепе медыцынскай роты ў Печах быў знойдзены павешаным 21-гадовы Аляксандр Коржыч, які праходзіў тэрміновую службу.