BE RU EN

Кіраўнікі краін Вышаградскай групы абмяркоўваюць пытанне пашырэння ЕЗ

  • 13.10.2017, 17:22

Саміт прэзідэнтаў краін Вышаградскай групы прысвечаны сяброўству дзяржаў заходніх Балканаў у Еўрапейскім Звязе і NATO.

У Вугоршчыне ў горадзе Сексардзе праходзіць саміт прэзідэнтаў краін Вышаградскай групы, прысвечаны перспектыве сяброўства краін заходніх Балканаў у Еўрапейскім Звязе і NATO, паведамляе «Польскае радыё».

У двухдзённым саміце, арганізаваным у межах вугорскага прэзідэнцтва ў Вышаградскай групе бяруць удзел прэзідэнты: Польшчы - Анджэй Дуда, Вугоршчыны - Янас Адэр, Чэхіі - Мілаш Зэман, Славаччыны - Андрэй Кіска.

«Прэзідэнты абмяркоўваюць пытанне, ці магчыма, і калі так, то калі павінна наступіць пашырэнне ЕЗ на краіны заходніх Балканаў. - Перадае з месца падзеі карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цагельскі. - Дагэтуль у ЕЗ увайшлі дзве краіны гэтага рэгіёну - Славенія і Харватыя. Чатыры іншыя краіны - Албанія, Сербія, Чарнагорыя і Македонія маюць статус кандыдата ў Еўразвяз. Стаць чальцом ЕЗ імкнуцца таксама Боснія і Герцагавіна і Косава, хоць яны знаходзяцца на ўступным этапе перамоў пра сяброўства».

Вугоршчына выступае за тое, каб Брусэль пачаў перамовы аб далучэнні да ЕЗ з Албаніяй і Македоніяй, у сваю чаргу Польшча мяркуе, што ЕЗ, нягледзячы на існыя праблемы, такія, як брэксіт, павінен пашырацца і не закрываць перад іншымі краінамі магчымасць стаць яго чальцом.

Апошнія навіны