BE RU EN

Гіркін: За два тыдні Расея страціла ў Сірыі амаль 100 жаўнераў і наймітаў

  • 11.10.2017, 10:56

Расея працягвае разыгрываць сцэнар “іх там няма”.

Расея страціла блізу сотні вайскоўцаў за мінулыя паўмесяца баёў у Сірыі, вынікае з заявы былога лідара прарасейскіх сепаратыстаў Данбаса Ігара Гіркіна. Адпаведную інфармацыю ён атрымаў ад былога байца так званай ЧВК "Вагнер", якая займаецца адпраўкай у САР расейскіх наймітаў, піша сайт newsader.com.

"Толькі што гаварыў праз тэлефон з былым байцом "Вагнера", які ваяваў на Данбасе і ў Сырыі. З ягоных слоў (а ён служыў у Славянскай брыгадзе і ў мяне няма сумневаў у словах гэтага чалавека), за апошні тыдзень у яго былым узводзе – столькі забітых. Шмат параненых", — гаворыцца на старонцы Гіркіна ў сацсетцы "Вконтакте".

"У Адзінцове ляжыць у шпіталі яшчэ адзін мой былы падначалены - паранены ў Сірыі таксама ў складзе «Вагнера». І там ён не проста «не адзін» — а некалькі чалавек паступае кожны тыдзень. Асабліва шмат — за 2 апошнія, — піша ён. — З трэцяй крыніцы мне вядома, што (паводле ацэнак) за 2 мінулыя тыдні страты "афіцыйных вайскоўцаў" пад 20 чалавек «200-мі», а ЧВК, адпаведна, страцілі больш разы ў тры. І гэта — «мінімум».

Такім чынам, калі ўлічыць, што мінімальная колькасць загінулых у Сірыі расейцаў складае 80 чалавек, агульная колькасць забітых можа складаць да сотні і больш.

На думку Гіркіна, рост колькасці забітых звязаны з інтэнсіфікацыяй баёў за адное з ключавых месцаў базавання ІДІЛ, у тым ліку Дэйр-эз-Зор.

"Такія страты рэгулярных вайскоўцаў і наймітаў (якія, фактычна, тыя ж кантрактнікі) выкліканыя значным узмацненнем баёў супраць ІДІЛ ў раёне Дэйр-эз-Зора і Маядзіна, дзе расейцы (90% асабовага складу — славяне) ЧВК выкарыстоўваюцца ў якасці штурмавых падраздзяленняў (сірыйцы "на падхваце"), а таксама нападамі баевікоў у правінцыі Хама — дзе ЧВК даводзіцца выручаць трапіўшыя ў перастрэлкі падраздзяленні Ваеннай паліцыі", — адзначае Гіркін.

Паводле ягоных слоў, у зоне баёў за населеныя пункты "замест сірыйцаў" выкарыстоўваецца "расейскае гарматнае мяса".

"У тых самых "наземных баях", якіх наш непаважыны прэзідэнт абяцаў катэгарычна пазбягаць у пачатку Сірыйскай авантуры", — абурыўся былы камандзір прарасейскіх баевікоў.

Пададзеныя Гіркіным звесткі адпавядаюць аналагічным звесткам з іншых крыніц. Так, знаёмая аднаго з палонных у Сірыі расейскіх наймітаў распавяла ў інтэрв'ю "Радыё Свабода" аб тым, што ў аэрапорт Растова-на-Доне "28 верасня прыйшло 12 трун" з САР.

"У Вагнера база ў Краснадарскім краі, вайсковая база Молькіна. Туды запрашаюць байцоў, завабліваюць вельмі вялікімі сумамі. 240 тысяч за месяц яны абяцаюць, а напраўду плацяць 160, — падае яе словы радыёстанцыя. — За загінулага жаўнера яны даюць ад 1,3 мільёна да 3 мільёнаў. У залежнасці ад яго разраду і таго, кім ён быў – камандзір або звычайны жаўнер-найміт. Яны сапраўды ідуць гінуць. Я вам напісала пра Сяргея Кавалеўскага (імя і прозвішча змененыя. — Заўв. РС), ён загінуў ад аскепкавай раны ў галаву. Але ў нас няма кантактаў Вагнера, на сувязь не выходзіць, нічога. Мы ўчора патэлефанавалі ў аэрапорт Растова-на-Доне, куды, па ідэі, павінен паступаць "груз-200". Яны паведамілі, што 28 верасня нейкі Уладзімір Драчоў, прадстаўнік Вагнера, забіраў "груз-200". Што 28 верасня прыйшло 12 месцаў, ну вы разумееце, 12 трунаў. Дзе яны цяпер, мы не ведаем. Мы абзванілі усе моргі, усё судмедэкспэртызы. Ніхто нідзе не ведае, дзе яны захоўваюцца, што з імі дзеецца і калі людзі наогул атрымаюць пахаванку. Яна прыходзяць значна пазней смерці – на месяц, на два. Калі жаўнер-найміт гіне, падпісваецца дамова перадачы цела сваякам і цынкавая труна, якую забаронена адкрываць. Дзе цела, незразумела, мне здаецца, яны іх вывозяць наогул у Краснадарскі край. Людзі ведаюць, што іх сын загінуў, але не ведаюць, калі чакаць ягонае цела і ці будзе яно наогул. І ў якім стане. Пры аскепкавай ране ў галаву цела можна апазнаць. Я не разумею, чаму яны цела не даюць апазнаць сваякам, чакаюць незразумела колькі часу. Цела ж псуецца".

Са слоў суразмоўніцы РС, у аэрапорце Растова-на-Доне целы загінулых забіраюць таямнічыя "прадстаўнікі Вагнера", і толькі потым, праз доўгі час, цынкавыя труны перадаюць родным, строга забараняючы іх адкрываць.

Раней кіраўнік Conflict Intelligence Team заяўляў аб тым, што загінулых у Сірыі расейскіх наймітаў можа быць да 500.

Напярэдадні паведамлялася аб тым, што пры ўзлёце з авіябазы ў Сірыі разбіўся расейскі бамбавік Су-24.

28 верасня ў ІДІЛ заявілі, што ўзялі ў палон двух расейскіх вайскоўцаў. 3 кастрычніка ісламісты апублікавалі відэа, на якім двое мужчын, якія назваліся Раманам Забалотнім і Рыгорам Цуркану, са слядамі пабояў на твары распавядаюць аб сваім палоне. У мінабароны РФ зняпраўдзілі інфармацыю аб палоне сваіх вайскоўцаў баявікамі ІДІЛ. 5 кастрычніка дэпутат гарадской думы Растова-на-Доне Анатоль Катляроў паведаміў аб пакаранні Забалотняга. У той жа дзень намеснік старшыні камітэта Дзярждумы РФ у СНД, еўразійскай інтэграцыі і справах суайчыннікаў Віктар Вадалацкі заявіў, што другога палоннага расейца таксама забілі.

Апошнія навіны