BE RU EN

Беларусь уводзіць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін

  • 9.01.2017, 16:50

Адпаведны ўказ падпісаў Лукашэнка.

Лукашэнка 9 студзеня падпісаў указ №8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян», паведамляе БелТА. Дакументам устанаўліваецца бязвізавы парадак уезду ў Беларусь на тэрмін не больш за 5 дзён пры ўездзе праз пункт пропуску праз Дзяржаўную мяжу Нацыянальны аэрапорт «Мінск» для грамадзян 80 дзяржаў.

Указ распаўсюджваецца на 39 краін Еўропы, уключаючы ўвесь Еўразвяз, а таксама Бразілію, Інданэзію, ЗША, Японію і іншыя дзяржавы.

Дакумент накіраваны на актывізацыю падарожжаў бізнэсоўцаў, турыстаў, прыватных асоб, якія маюць агульнаграмадзянскія пашпарты, і не будзе распаўсюджвацца на замежнікаў, якія ажыццяўляюць службовыя паездкі: дыпламатычныя, службовыя, спецыяльныя і іншыя прыраўнаваныя да іх пашпарты пад увагу брацца не будуць.

Для ўезду ў бязвізавым рэжыме неабходна мець пры сабе сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент для выезду за мяжу, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або ў беларускіх рублях, эквівалентную не менш чым дзвюм базавым адзінкам), медыцынскі страхавы поліс на суму не менш за 10 тысяч еўраў, які дзейнічае ў Беларусі.

Для грамадзян В'етнама, Гаіці, Гамбіі, Гандураса, Індыі, Кітая, Лівана, Намібіі, Самаа абавязковым дадатковым патрабаваннем з'яўляецца наяўнасць у дакуменце для выезду за мяжу сапраўднай шматразовай візы дзяржаў ЕЗ або Шэнгенскай зоны з адзнакай аб уездзе на іх тэрыторыю, а таксама авіябілетаў з пацвярджэннем у іх вылету з Нацыянальнага аэрапорта «Менск» цягам 5 дзён з даты ўезду.

Новы парадак бязвізавага перамяшчэння не распаўсюджваецца на асоб, якія прыбываюць у Беларусь авіярэйсамі з Расеі, а таксама для тых, што маюць намер ажыццявіць вылет у аэрапорты Расеі (гэтыя рэйсы з'яўляюцца ўнутранымі, памежны кантроль на іх не вядзецца). Указ увойдзе ў дзеянне праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

Апошнія навіны