BE RU EN

Дар'я Домрачава заняла 34-е месца ў гонцы пераследу ў Обэрхофе

  • 7.01.2017, 20:43

Беларуская біятланістка другі раз пасля нараджэння дачкі выйшла на лыжную трасу.

Вядомая беларуская спартоўка Дар'я Домрачава заняла 34-е месца ў гонцы пераследу на этапе Кубка свету ў біятлоне, які праходзіць у нямецкім Обэрхофе. Гонка адбылася 7 студзеня. Беларуская біятланістка другі раз пасля нараджэння дачкі выйшла на лыжную трасу. Яна стартавала з 36-й пазіцыі і паказала 7-ы вынік паводле хуткасці на трасе, але дапусціла цэлых 6 пудлаў на агнявых рубяжах, што не дазволіла ёй заняць высокае месца ў фінішным пратаколе, паведамляе «Еўрарадыё».

Яшчэ адна беларуска, Ірына Крыўко, прыйшла на фініш 41-й і мела 8 штрафных колаў. Дар'я Юркевіч зрабіла 5 пудлаў на двух рубяжах і знялася з дыстанцыі, бо спаборніцы абышлі яе на цэлае кола.

Пераможцай гонкі стала францужанка Мары Дарэн-Обэр, на другім месцы Габрыэла Каўкалава з Чэхіі, на трэцім - фінка Кайса Макарайнэн.

8 студзеня ў Обэрхофе пройдзе гонка з масавым стартам, у якой возьмуць удзел і беларускія спартоўкі.

Апошнія навіны