BE RU EN

Чэмпіёнка свету выказала недавер усім расейскім біятланістам

  • 7.01.2017, 11:22

Пераможца агульнага заліку Кубка свету чэшка Габрыэла Каўкалава заявіла, што пасля допінгавага скандалу не верыць ніводнаму з расейскіх біятланістаў.

Габрыэла Коўкалава, на Алімпіядзе-2014 у Сочы здабыла два сярэбраныя медалі, на ЧС-2015 здабыла золата ў змешанай эстафеце, а ў мінулым сезоне стала пераможцай агульнага заліку Кубка свету выказала недавер усёй нацыянальнай камандзе Расеі ў біятлоне. На ейную думку, каманды, якія не паважаюць антыдопінгавыя правілы, не павінны браць удзел у розыгрышы Кубка свету. Чэшка распавяла, што не верыць нікому з расейцаў, у тым ліку і лідару каманды Антону Шыпуліну, піша РБК.

«Я асабіста не брала ўдзелу ў сходзе спартоўцаў з нагоды допінгу, але цалкам падтрымала гэтую ініцыятыву. Мы выбралі нашым прадстаўніком Міхала Шлезінгра, а таксама праводзілі шмат сустрэч унутры нашай каманды і раіліся з нашым прэзідэнтам Іржы Хамзой. Мне б хацелася сказаць, што, калі людзі і каманды не паважаюць міжнародныя антыдопінгавыя правілы, яны не павінны з намі спаборнічаць.

Мне складана растлумачыць гэта на ангельскай, але гаворка павінна ісці пра каманду, у якой занадта шмат спартоўцаў трапляліся на допінгу. У мяне не шмат інфармацыі аб гэтым, але я думаю, што фінансавых пакаранняў для гэтай каманды недастаткова. Можа быць, кампрамісным варыянтам было б адабраць па адным-два месцы ў Кубку свету на знак пакарання за масавае ўжыванне допінгу. Гэта было б справядліва. Нічога не ведаю аб пазіцыі Антона Шыпуліна. Веру я, што ён чысты спартовец? У гэтай камандзе я не веру ўжо нікому, прабачце», — цытуе Каўкалаву «Чэмпіянат».

9 снежня была апублікаваная другая частка дакладу незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пад кіраўніцтвам Рычарда Макларэна. Паводле звестак камісіі, на Алімпіядзе ў Сочы некалькі дзясяткаў допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў падпалі пад маніпуляцыі. У тым ліку размова ідзе і аб падмене пробаў.

Макларэн не публічна назваў імёны спартоўцаў, якія падазраюцца ў маніпуляцыях з пробамі. Звесткі былі перададзеныя ў міжнародныя спартыўныя федэрацыі, а таксама ў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК).

МАК на наступны дзень пасля публікацыі дакладу Макларэна абвясціў аб пачатку расследавання ў дачыненні да 28 расейскіх удзельнікаў Алімпіяды ў Сочы. Спартыўныя федэрацыі абвясцілі аб часовым адхіленні расейцаў, згаданых у дакладзе Макларэна, да заканчэння расследавання.

Міжнародны звяз біятланістаў (IBU) паведаміў, што ва ўжыванні допінгу падазраецца 31 расейскі спартовец. У тым ліку ў дакладзе Макларэна былі згаданыя два расейскія біятланісты, якія выступілі на Гульнях-2014 у Сочы.

IBU не назваў імёны спартоўцаў, аднак паводле звестак La Gazzetta dello Sport, гаворка ідзе пра Вольгу Вілухіну і Яну Раманаву. Абедзве спартоўкі ўжо закончылі кар'еру.

Апошнія навіны