На запраўках Менска заканчваецца зімовае паліва
- 6.01.2017, 18:06
У некаторых раёнах сталіцы «Арктыка» ўжо скончылася, у астатніх - шматгадзінныя чэргі.
На АЗС «Беларуснафта» адзначаюць небывалы попыт на дызельнае паліва «Арктыка».
Чэргі з машын за арктычным дызелем у сталіцы з'явіліся яшчэ ўвечары 5 студзеня.
Людзям даводзілася не менш за гадзіну чакаць запраўкі. Такая сітуацыя захоўваецца і цяпер. Партал tut.by даведаўся, што ў некаторых раёнах горада «Арктыка» ўжо скончылася, а там, дзе ёсць, — чэргі.
— Арктычнага паліва няма паводле тэхнічных прычын, — адказалі журналістам на запраўцы, якая знаходзіцца на вуліцы Шаранговіча.
— «Арктыка» ёсць, прыязджайце. Але чарга вельмі вялікая, будзем карагоды вадзіць, — пажартаваў праз тэлефон супрацоўнік АЗС, якая знаходзіцца на праездзе Масюкоўшчына, 17.
— Паліва ёсць, але на колькі яго хопіць — не ведаем, — пракаментавалі на сталічнай АЗС на вуліцы Ціміразева, 66.
— У нас «Арктыка» будзе, як толькі сальёмся, — адказалі на АЗС на вуліцы Сярова ў Менску.
На АЗС у абласных цэнтрах Беларусі арктычнае паліва таксама запатрабаванае аўтамабілістамі, але праблема стаіць не так востра, як у сталіцы.
— Гэты тып «дызеля» ёсць, як і невялікая чарга.
На некаторых станцыях у рэгіёнах чакалі бензавоз, а гэта значыць, што праз некалькі гадзін «Арктыка» паступіць у продаж.
На большасці АЗС на мяжы з Літвой і Польшчай арктычнае паліва ёсць.
Сітуацыю з арктычным палівам і прагнозы на найбліжэйшы час у ДВА «Беларуснафта» атрымаць не ўдалося.