BE RU EN

Падзенне рэальных даходаў расейцаў паскорылася амаль удвая

  • 25.01.2017, 20:21

Падзенне даходаў жыхароў РФ падае ўжо тры гады запар.

Рэальныя наяўныя даходы расейцаў (адкарэктаваная на паказчык інфляцыі сума сродкаў, якія застаюцца ў распараджэнні чалавека пасля ўнясення ім усіх абавязковых плацяжоў) у снежні 2016 года скарацілася ў параўнанні са снежнем папярэдняга года на 6,1%, паведамляе РБК.

Да канца года спад крыху паскорыўся (у лістападзе было мінус 6%, а ў кастрычніку — мінус 5,6%), аднак абсалютна горшы ў годзе вынік так і застаўся за жніўнем. У апошнім месяцы лета 2016 года рэальныя даходы расейцаў, паводле ўдакладненых Расстатам звестак, упалі ў гадавым вылічэнні адразу на 8,5%, што стала найгоршым вынікам больш чым за сем гадоў.

Па выніках 2016 года агулам падзенне даходаў у гадавым вылічэнні склала 5,9%. Такім чынам, у параўнанні з 2015 годам тэмпы скарачэння даходаў паскорыліся больш чым на 84%, або амаль удвая (у 2015 годзе рэальныя даходы скараціліся на 3,2%). У параўнанні з 2014 годам скарачэнне рэальных даходаў паскорылася больш чым у восем разоў (было мінус 0,7%).

Рэальныя даходы скарачаюцца вось ужо тры гады, а за апошнія 26 месяцаў статыстыкі ні разу не зафіксавалі нават месячнага іх прыросту. Апошнім разам з вынікаў асобнага ўзятага месяца падвышэнне рэальных даходаў расейцаў у гадавым вылічэнні было зафіксавана ў кастрычніку 2014 года (плюс 2,1%).

Намінальная сума сярэднямесячнага даходу расейцаў у 2016 годзе склала, паводле падлікаў экспертаў Расстата, 30 775 рублёў, што на 1% перавышае паказчык 2015 года. Пры гэтым намінальная сума сярэдняга ў краіне заробку ў 2016 годзе вырасла адразу на 7,7% (да 36 703 руб.). Аднак рэальны заробак сярэдняга расейца, які адлюстроўвае пакупніцкую здольнасць атрыманых работнікам грошай, павялічыўся за год толькі на 0,6%.

У пачатку студзеня 2017 года экспэрты Вышэйшай школы эканомікі (НДУ ВШЭ) паведамілі, што з кастрычніка 2014 года да лістападу 2016 года рэальныя даходы расейцаў упалі на 12,7%, а раздробнае абарачэнне тавараў і паслуг — адразу на 15,4%. Аднак значнага пагаршэння ацэнак расейцамі ўласнага матэрыяльнага становішча ў ходзе апытанняў не выяўлена, што, на думку аналітыкаў, кажа аб «звыканні грамадзян да зніжэння спажывецкіх стандартаў».

Паводле падлікаў экспэртаў ВШЭ, у 2016 годзе цяжкасці з купляй прадуктаў ці адзення адчуваў 41% расейцаў (пры гэтым у 11% жыхароў краіны грошай не стае нават на прадукты), але большасць з іх ўласнае матэрыяльнае становішча дрэнным або вельмі дрэнным не лічыць.

У той жа час віцэ-прэм'ерка Вольга Галадзец у сярэдзіне снежня 2016 года папярэдзіла, што афіцыйная статыстыка моцна недаацэньвае колькасць «беднякоў» і тых, хто сам сябе ўважае за беднага, у Расеі значна больш.

«У нас моцна разыходзіцца ацэнка бедных статыстычная і ацэнка паводле самаадчування людзей. І калі паводле статыстычнай ацэнкі ідзе рост беднасці і ён складае 15%, што ўжо вельмі дрэнна для нас, то самаадчуванне людзей, яно значна горшае. Калі мы кажам чалавеку: ты не бедны, а ён бедны, — гэта вельмі цяжкая сітуацыя», — заявіла тады Галадзец.

Паводле звестак Расстата, у студзені—верасні 2016 года за рысай беднасці жылі 20,3 млн расейцаў або 13,9% насельніцтва краіны.

Апошнія навіны