BE RU EN

У Літве вынеслі прысуд супрацоўнікам АМАП за падзеі 1991 года

  • 25.01.2017, 17:20

Суд прыняў пастанову завочна праз 25 гадоў пасля тых падзей.

Праз больш чым 25 гадоў пасля трагічных падзей 1991 года, Літоўскі апеляцыйны суд завочна прыняў пастанову ў справе былога камандуючага АМАПу (атрада міліцыі асаблівага прызначэння) у Вільні Уладзіміра Разводава, піша delfi.lt.

Старшыня калегіі з трох суддзяў Сігіта Беляўскене 24 студзеня абвясціла, што Разводава прызналі вінаватым - яму прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 12 гадоў. Яго асуджаны павінен правесці ў калоніі, калі яго затрымаюць.

Разводава прызналі вінаватым паводле 100 арт. Крымінальнага кодэкса ЛР - забароненае міжнародным правам абыходжанне з людзьмі - і паводле 103 арт. - прычыненне траўмаў, катаванне і іншае нечалавечае абыходжанне з людзьмі, якія знаходзяцца пад абаронай міжнароднага гуманітарнага права.

«Разводаў учыняў цяжкія наўмысныя злачынствы, ягоную адказнасць абцяжарвае тое, што злачынства ўчыненае групай асобаў небяспечным для грамадства спосабам з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі», - сказана ў пастанове суда.

Разводаў таксама павінен выплаціць пацярпелым прычыненую шкоду - больш за 14 000 еўраў. Праўда, у некаторых эпізодах ён быў апраўданы за недахопам довадаў віны.

Да гэтага дня не дажыў іншы камандуючы АМАПам - Баляслаў Макутыновіч, які памёр у лістападзе 2015 года ў Расеі, таму ў яго дачыненні судовае разбіральніцтва было спыненае.

Праўда, суд не атрымаў афіцыйнага пацверджання смерці Макутыновіча, нягледзячы на тое, што і суд, і пракуратура неаднаразова звярталіся ў расейскія інстанцыі. Пра смерць Макутыновіча ў судзе паведаміла ягоная сястра, якая пражывае ў Літве, аднак яна сказала, што сама на пахаванне не ездзіла. Са слоў суддзяў, пра смерць Макутыновіча паведамлялі СМІ, аднак калі ў будучыні высветліцца, што ён усё ж такі жывы, то пракуроры змогуць разгледзець магчымасць аднаўлення працэсу.

У абвінаваўчым акце сцвярджалася, што Макутыновіч і Разводаў у 1991 годзе падтрымлівалі агрэсію Расеі супраць Літвы. Яны, на сцвярджэнні дзяржабвінаваўцы, спрабавалі сілай скінуць законную ўладу, удзельнічалі ў нападах на дзяржаўныя ўстановы, загадалі чальцам атрада, якімі камандаваў Эдуардас Петраўскас, выкарыстоўваць сродкі тэрору і запалохвання ў дачыненні да службовых асоб незалежнай Літвы. АМАПаўцы нападалі на паліцыянтаў, адбіралі службовую зброю, асабістыя рэчы, незаконна затрымлівалі людзей і дастаўлялі іх у захоплены будынак тагачаснай Акадэміі паліцыі Літвы.

Праваахоўныя органы сцвярджалі, што раскрылі 16 выпадкаў нападу на патрулі памежнікаў Літвы, захопу зброі, абстрэлу людзей.

Віленскі акруговы суд Вільні 4 чэрвеня 2015 года завочна апраўдаў двух былых камандзіраў віленскага АМАПу Макутыновіча і Разводава - якіх абвінавачвалі ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці.

Суд пастанавіў, што яны не маюць дачынення да штурму тэлецэнтра ў Вільні ў студзені і расстрэлу памежнага КПП Медзінінкай у ліпені 1991 г, і што, паводле міжнароднага права, судзіць за інкрымінаваныя ім злачынствы можна было б у тым выпадку, калі б яны былi ўкладзеныя ва ўмовах вайны або акупацыі. Літва ў той час ужо абвясціла сваю незалежнасць, але ў ёй яшчэ былі дыслакаваныя савецкія войскі.

Адказнасць за агрэсію, з высноваў суда, кладзецца на кіраўніцтва дзяржавы.

Пракуратура гэты прысуд абскардзіла ў Літоўскім апеляцыйным судзе і прасіла прысудзіць Макутыновіча і Разводава да 12 гадоў пазбаўлення волі кожнага, а таксама прысудзіць з іх кампенсацыю прычыненай шкоды ў грамадзянскіх пазовах. Паколькі паступілі звесткі пра смерць Макутыновіча, ягоная справа была закрытая.

Апошнія навіны