BE RU EN

Антон Герашчанка: Асноўная версія забойства Паўла Шарамета - дэстабілізацыя Украіны

  • 24.01.2017, 17:27

Следчыя мяркуюць, што замах на журналіста арганізавалі спецслужбы Расеі.

На сёння асноўнай версіяй забойства Паўла Шарамета з'яўляецца дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне на замову спецслужбаў Расеі. Пра гэта Антон Герашчанка заявіў у праграме «Час Алеўскага» на тэлеканале «Цяперашні час».

«Гэтая версія шматкроць называлася раней сярод версій і цяпер яна з'яўляецца асноўнай. Забойства з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне. Паводле аналогіі з забойствам Георгія Гангадзэ. Толькі ў тым выпадку забойцам быў генерал МУС Пукач на замову вышэйшых службовых асоб Украіны. У гэтым - спецслужбы Расеі. Забойства Паўла Шарамета павінна было, на думку арганізатараў, паказаць чарговым разам, што ва Украіне забіваюць журналістаў, што Украіна - небяспечная краіна», - заявіў ён.

Са слоў Герашчанкі, замах на яго, забойства Паўла Шарамета і яшчэ шэраг гучных злачынстваў ва Украіне - звёны аднаго ланцуга. Аднак заказчыкі і выканаўцы забойства Паўла Шарамета яшчэ не выяўленыя.

«На ўчорашняй прэс-канферэнцыі я агучыў факты аб канкрэтных прыкладах таго, што на тэрыторыі Расеі створаны тэрарыстычны дыверсійны цэнтр, задача якога рыхтаваць на тэрыторыі Украіны раней судзімых, як правіла, антыўкраінцаў, атручаных расейскай прапагандай дыверсантаў і ставіць ім задачы забойстваў і тэрактаў на тэрыторыі Украіны. На сёння асноўнай версіяй забойства Паўла Шарамета з'яўляецца дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне на замову спецслужбаў Расеі. Канкрэтныя заказчыкі і выканаўцы яшчэ не выяўленыя, але гэта з'яўляецца галоўнай версіяй следства.

Спроба тэракту з мэтай ліквідацыі мяне і затрыманне дзвюх асоб, падрыхтаваных у РФ, забяспечаных выбуховым прыстасаваннем з магнітам для размяшчэння яго пад аўтамабілем і дыстанцыйнай выбухоўкай, з'яўляецца пацвярджэннем, што почырк забойства Шарамета і замах на мяне адзін і той жа. Таксама выкарыстоўвалася адно і тое ж выбуховае рэчыва - гексаген (гэта адно з самых распаўсюджаных выбуховых рэчываў, якое з'яўляецца начыннем для большасці мін і снарадаў)», - заявіў дэпутат.

Акрамя таго, са слоў Герашчанкі, дыверсійныя групы з РФ таксама стаяць яшчэ за шэрагам злачынстваў ва Украіне.

«16 верасня мінулага года быў забіты маёр Мамчур, 5 кастрычніка ў Харкаве стрэлам у патыліцу быў ледзь не забіты 24-х гадовы герой АТА, у Ровенскай вобласці дзейнічала банда дыверсантаў, дасланая з РФ. Усё гэта звёны аднаго ланцуга. Усё гэта зрабілі людзі, падрыхтаваныя ў дыверсійных цэнтрах у Расеі», - заявіў ён.

Злавіць жа людзей, якія планавалі замах на Герашчанку, атрымалася выпадкова.

«Гэта адбылося дзякуючы адной выпадковасці, агучваць якую я не магу, бо ў наступны раз іншая тэрарыстычная група можа скарыстацца гэтай інфармацыяй і ўжо гэтай памылкі не здзейсніць. Людзі зрабілі памылку і патрапілі ў поле зроку спецслужбаў Украіны. Калі б выканаўцы забойства Шарамета патрапілі ў поле зроку спецслужбаў - ён быў бы цяпер жывы», - заявіў дэпутат.

Герашчанка адмовіўся паведаміць нейкую дадатковую інфармацыю пра Андрэя Ціханава, якога ён назваў арганізатарам замаху на сябе і чаму следства мяркуе, што ён звязаны з расейскімі спецслужбамі (на сёння пра яго вядома толькі тое, што ён адбываў турэмнае зняволенне ў Крыме, а затым ваяваў на Данбасе).

«Не ўся інфармацыя аб планаванні тэрактаў можа быць агучаная ў прэсе. Я мяркую, што трэба даваць толькі тую інфармацыю, якая не пашкодзіць расследаванню», - заявіў Герашчанка.

Нагадаем, 21 студзеня кіраўнік СБУ Васіль Грыцак паведаміў, што ў Кіеве супрацоўнікі Службы бяспекі на этапе выканання прадухілілі забойства народнага дэпутата. 22 студзеня сам Герашчанка заявіў, што дэпутат, замах на забойства якога прадухіліла СБУ - гэта ён. 23 студзеня Антон Герашчанка заявіў, што замах на яго і забойства Паўла Шарамета звязаныя паміж сабой.

Заснавальніка «Беларускага партызана» і аднаго з кіраўнікоў «Украінскай праўды» Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 года ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.

Цягам апошніх месяцаў паліцыя і кіраўнікі спецслужбаў не выдавалі ніякай інфармацыі пра расследаванне, заяўляючы, што гэта можа нашкодзіць следству.

Апошнія навіны