У менскім метро з'явяцца «швэйцарскія» цягнікі
- 24.01.2017, 16:19
Stadler паставіць дзесяць цягнікоў для метро Менска.
ЗАТ «Штадлер Мінск» падпісала дамову з Менскім метрапалітэнам аб пастаўцы цягнікоў. Чакаецца, што 10 з іх будуць пастаўленыя цягам чатырох гадоў з канца 2018 года.
«Ёсць адкрытая інфармацыя пра тое, што мы перамаглі ў тэндэры. На днях была падпісаная дамова з метрапалітэнам на пастаўкі цягнікоў. Гэта факт, я пакуль не буду раскрываць дэталяў, мы пра іх паведамім пазней. Гэта будзе доўгі перыяд: з канца 2018 на наступныя чатыры гады», - распавёў дырэктар завода Філіп Брунер.
Паводле ягоных слоў, пры вытворчасці цягнікоў для метро кампанія гатовая супрацоўнічаць з холдынгам «Белкамунмаш», піша sb.by.
Цяпер некаторыя элементы кузава беларускі вытворца пастаўляе на «Штадлер Мінск» для іх расейскага заказу - трамваяў серыі «Мяцеліца», якія адправяцца ў Санкт-Пецярбург. Паводле такой жа схемы магчымае супрацоўніцтва і пры рэалізацыі замовы для Менскага метрапалітэна.
У прэс-службе метрапалітэна не сталі раскрываць падрабязнасці дамовы.
«Пакуль мы можам толькі пацвердзіць, што кампанія «Штадлер Мінск» стала пераможцай тэндэру на пастаўку цягнікоў для метрапалітэна. Іншых падрабязнасцяў раскрываць не будзем», - заявіў прэс-сакратар арганізацыі Андрэй Кузьмін.