BE RU EN

Нікому не вядомая кніга Марка Твэна будзе выдадзена праз 140 гадоў пасля яе напісання

  • 24.01.2017, 12:01

Кніга будзе апублікаваная ў верасні 2017 года.

Амаль 140 гадоў таму Сэмюэль Клеменс, вядомы ўсяму свету як Марк Твэн, распавёў гэтую гісторыю сваім маленькім дочкам Клары і Сьюзэн. Казкі на ноч былі традыцыяй у сям'і пісьменніка, аднак на паперу ён перанёс толькі адну з прыдуманых гісторый для дзяцей. Праз дзясяцігоддзі гэтыя запісы выявіў навуковец Джон Бэрд, які працаваў з архівамі Твэна ва ўніверсітэце Берклі. Мяркуецца, што «Выкраданне прынца Олеамаргарына» з'яўлялася часткай больш працяглага апавядання, піша The New York Times (пераклад – newsru.com).

16-старонкавы чарнавік, упершыню пасля доўгага часу які ўбачыў свет у 2011 годзе, быў старанна вывучаны і перададзены ў выдавецтва. Ілюстраваная кніга будзе прэзентавана ў верасні 2017 года.

У казачнай гісторыі ідзе гаворка пра жывёл, што ўмеюць размаўляць, волата і дракона, якія ўдзельнічаюць у выратаванні выкрадзенага прынца. На старонках з'явіцца і сам аўтар.

Даследчыкі мяркуюць, што твор будзе мець вялікае значэнне для навукоўцаў і прыхільнікаў творчасці Марка Твэна, бо створаны ў зусім нехарактэрным для пісьменніка жанры. Твэн, як вядома, пісаў белетрыстыку, нарысы, публіцыстыку, дарожныя нататкі, апавяданні і сатырычныя творы, аднак ніколі не публікаваў фантастычных гісторый для дзяцей, за выключэннем перакладу нямецкай байкі.

Апошнія навіны