BE RU EN

Жыхар Віцебска дамогся зняцця рэкламы канцэртаў Віктара Каліны

  • 23.01.2017, 17:43

Чыноўнікі адказалі Сяргею Сясіцкаму на просьбу забараніць канцэрты беларускага шансанье, які падтрымлівае баевікоў Данбаса.

Некалькі дзён таму жыхар Віцебска Сяргей Сясіцкі адправіў у Віцебскі аблвыканкам зварот наступнага зместу:

«Паводле інфармацыі з сеціва на тэрыторыі Віцебскай вобласці плануецца правядзенне канцэртаў выканаўцы шансона Віктара Каліны.

Згодна з «Палажэннем аб правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў», зацверджанага ўказам Лукашэнкі ад 19.10.2010 N542 «Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў» забараняецца правядзенне мерапрыемстваў:

- Якія маюць на мэце вядзенне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці;

- Якія прадстаўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян...

Пакінуўшы за дужкамі крымінальную тэматыку «творчасці» і асобу гэтага выканаўцы, выклікаюць абурэнне ягоныя адкрыта хамскія і зневажальныя каментары, пагрозы на адрас нашых суграмадзян, гарадоў і агулам Рэспублікі Беларусь, званай ім у сеціве «Фэйсбук» «беларашкай», а так жа інфармацыя пра ягоны ўдзел у баявых дзеяннях ва Украіне на баку незаконных фармаванняў, піша nn.by.

Мяркуючы, што публічная гастрольная дзейнасць гэтага грамадзяніна наўпрост супярэчыць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, пагражае грамадзянскаму свету ў нашай краіне, прашу разгледзець пытанне аб адмове ў выдачы яму гастрольных пасьведчанняў і аб адклiканнi ўжо выдадзеных».

Сёння Сяргею Сясіцкаму прыйшоў адказ з Віцебскага аблвыканкама.

«Дык вось.

1. Ідэолагі прымусілі яго прыбраць рэкламу, але толькі чамусьці ў Віцебскай вобласці. Трэба меркаваць, на канцэрты ў іншых абласцях дазволы ёсць, ці там законы Беларусі працуюць неяк па-іншаму.

2. Ад ацэнкі ягоных хамскіх выказванняў чакана ўхіліліся.

Што рабіць далей?

1. Накіраваць аналагічныя лісты ў астатнія аблвыканкамы.

2. Назіраць за сайтам «спевака».

Калі на ім з'явіцца аддаленая інфармацыя аб канцэртах, або яны адбудуцца без рэкламы, то, значыць, дазволы атрыманыя, а дзяржаўная ідэалогія не пярэчыць супраць абраз Рэспублікі Беларусь і яе грамадзян», - рэзюмуе ў «Фэйсбуку» Сясіцкі.

Апошнія навіны