BE RU EN

Калі пачнуць распродаж залатога запасу?

  • 23.01.2017, 9:30

Вар'яцкія пастановы ўлады набліжаюць дэфолт.

Залаты запас Беларусі за 2016 год, паводле звестак Нацыянальнага банка, вырас на адну тону.

— Залаты запас павялічыўся не за кошт уласнай здабычы, на яго куплю выдаткавалі валюту, — адзначае ў інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны» былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч. — Ва ўмовах, калі запасы рэзерваў відавочна не дастатковыя, не варта было марнаваць частку валюты на набыццё золата.

Са слоў прафесара, каб прадаць золата, трэба час. А гэта цягне і іншыя дадатковыя выдаткі: між іншым, пошук пакупніка.

Экспэрт нагадвае, што ў беларускай казне не стае даляраў, а ўжо сёлета давядзецца выплаціць блізу 5 мільярдаў даляраў толькі па дзяржкрэдыце.

Прыкладна 5 млрд даляраў складаюць цяпер золата - валютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі.

— І вось з гэтых 5 мільярдаў у нас ляжаць тоны золата. Для краіны, дзе ЗВР відавочна недастаткова, па норме іх важней трымаць у цвёрдай валюце, — падкрэслівае доктар эканамічных навук.

Ён адзначае, што Беларусі неабходна мець у рэзерве як мінімум 10 мільярдаў даляраў, каб пры неабходнасці не дапусціць дэфолт і выплаціць знешнія пазыкі, а таксама на выпадак надзвычайных сітуацый у эканоміцы.

— Можа, нашы грашовыя ўлады і ўрад лічаць, што мы ўжо багатыя, таму і трымаюць запасы ў золаце, — здзіўляецца Станіслаў Багданкевіч.

— Магчыма, улады зрабілі стаўку на золата, бо яго кошт больш стабільны, чым курс даляра?

— Усё з часам падае ў цане, у тым ліку і золата. Але даляр больш рухомы. Калі трэба штосьці тэрмінова выплаціць, то даляры заўсёды пад рукой і не трэба плаціць буйных няўстоек. Золата, можа быць, абясцэньваецца і ў меншай ступені, але гэта не зусім ліквідны тавар. Яго зручна трымаць для захоўвання кошту. Калі я быў на стажыроўцы ў Парыжы і Лондане, кіраўнікі банкаў Латвіі і Літвы бегалі па міністэрствам фінансаў Францыі і Вялікабрытаніі, дзе захоўвалася іх дзяржаўнае золата. Кіраўніцтва гэтых прыбалтыйскіх краін вывезла туды свае рэзервы, адчуўшы пагрозу савецкай акупацыі ў 40-х гадах мінулага стагоддзя. Калі Латвія і Літва сталі суверэннымі, Францыя і Вялікабрытанія вярнулі ім залаты запас, які захаваў кошт.

— Як вы лічыце, ці не давядзецца уладам Беларусі неўзабаве звярнуцца да распродажу залатога запасу, каб выплаціць запазычанасці?

— Хутчэй за ўсё, спачатку будуць прадаваць дзяржкампаніі, таму што золата — гэта сродак ад панікі ў грашовай сферы. Можна, да прыкладу, прадаць акцыі нафтаперапрацоўчых заводаў, «Беларуськалія». Ва ўладаў ёсць надзея на дадатковыя замежныя пазыкі ад Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), які кантралюе Расея, і на грошы Міжнароднага валютнага фонду.

Праўда, невядома ці дасць нам грошай ўсходні саюзнік. Захад выдзеліць крэдыты толькі, калі ўрад пачне рэалізоўваць глабальную праграму эканамічных пераўтварэнняў.

— Колькі часу застаецца ў беларускага кіраўніцтва, каб не здарыўся дэфолт?

— Улады і цяпер працягваюць перамовы з ЕФСР. Мы ж атрымалі пакуль толькі менш за палову з вылучанага двухмільярднага крэдыту. Шанец атрымаць гэтыя грошы ёсць, бо асаблівых патрабаванняў Еўразійскі фонд не вылучае. Ён патрабуе толькі выразнага выканання пагаднення. На перамовах з МВФ, на мой погляд, тормазам з'яўляецца асабістая пазіцыя Лукашэнкі.

Ва ўрадзе, наколькі мне вядома, згодныя, што патрабаванні, якія вылучае МВФ, цалкам прымальныя, разумныя і былі б карысныя для Беларусі, калі б пачалася іх рэалізацыя. Я маю на ўвазе патрабаванні павысіць эфектыўнасць эканомікі, стварыць спрыяльны клімат для інвестыцый і развіцця прыватнага бізнэсу. Але ўлады, замест таго, каб, да прыкладу, скараціць падаткаабкладанне, абняславіліся з «дармаедамі»».

Такія вар'яцкія рашэнні шкодзяць эканоміцы Беларусі і іміджу краіны.

Апошнія навіны