BE RU EN

22 студзеня 1863 года пачалося паўстанне Каліноўскага

  • 22.01.2017, 17:39

154 гады таму пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Беларусі, Польшчы і Літве.

На нашых землях яно больш вядомае як паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Пра значнасць асобы Каліноўскага для Беларусі гаворыць у інтэрв'ю «Радыё Рацыя» грамадскі актывіст, выпускнік праграмы імя Каліноўскага Яўген Скрабутан:

- Кастусь Каліноўскі - гэта добры прыклад для сённяшняй беларускай моладзі, прыклад чалавека, які свайго жыцця не пашкадаваў дзеля таго, каб Беларусь здабыла незалежнасць, каб пра беларусаў даведаліся ва ўсім свеце. Каліноўскі змагаўся за сваю Радзіму і пакінуў вялікі след у нашай гісторыі.

У гэты дзень у розных месцах асобныя атрады ўчынілі ўзброеныя напады на расейскія гарнізоны. З прычыны дрэннага ўзбраення паўстанцкіх атрадаў і разрозненасці дзеянняў гэтыя першыя сутычкі былі нязначныя.

У першыя дні паўстання пачалі з'яўляцца новыя паўстанцкія атрады, а старыя не пераставалі папаўняцца, яно ахоплівала новыя раёны, у паўстанцкіх атрадах ўстанаўлівалася правільная вайсковая арганізацыя.

На тэрыторыі Беларусі і Літвы паўстанне пачалося 1 лютага. Загад аб яго пачатку аддаў Літоўскі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Разгар ваенных дзеянняў прыпаў на лета 1863 года. Паводле афіцыйных данясенняў, у гэты час паўстанцы правялі амаль 500 баёў з царскімі войскамі. Расейскія ўлады ўжылі надзвычайныя захады для здушэння паўстання. Колькасць войскаў на тэрыторыі Польшчы была даведзена да 160 тысяч жаўнераў. За выдачу паўстанцаў былі абвешчаныя ўзнагароды. Тыя вёскі, якія дапамагалі паўстанцам, цалкам спальваліся, маёмасць распрадавалася з аўкцыёнаў, а жыхары накіроўваліся на пасяленне ў цэнтральныя рэгіёны Расеі альбо ў Сібір. Дзякуючы рэпрэсіям, уладам удалося здушыць паўстанне.

28 жніўня Польскі нацыянальны ўрад аддаў загад аб спыненні ваенных дзеянняў. Узброеная барацьба ў Беларусі працягвалася яшчэ амаль год. Летам 1864 годзе была ліквідаваная апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім павеце.

Удзельнікі паўстання зазналі бязлітасныя рэпрэсіі. Іх сядзібы руйнаваліся, маёмасць канфіскоўвалі. Больш за сотню паўстанцаў былі пакараныя смерцю, 800 сасланыя на катаргу, амаль 12,5 тысяч чалавек выселеныя, у тым ліку 500 - у Сібір.

Аднак, паўстанне вымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Польшчы, Беларусі і Літве. Паўстанне значна паўплывала на ажыўленне рэвалюцыйнага руху як у Расейскай імперыі, так і ў Заходняй Еўропе, а таксама на рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, літоўцаў і палякаў.

Апошнія навіны