BE RU EN

Пятро Парашэнка ўшанаваў памяць Міхаіла Жызнеўскага

  • 22.01.2017, 15:58

Тры гады таму наш зямляк стаў адным з першых герояў Нябеснай сотні.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка разам са сваёй жонкай Марынай сёння з раніцы ўшанавалі памяць Міхаіла Жызнеўскага і Сяргея Нігаяна, якія сталі першымі ахвярамі падчас брутальных сутычак паміж пратэстоўцамі і сілавікамі падчас Рэвалюцыі годнасці ва Украіне, паведамляе «Радыё Свабода».

Сёння спаўняецца трэцяя гадавіна з дня трагічнай гібелі актыўных удзельнікаў украінскай Рэвалюцыі годнасці і свабоды.

Міхаіл Жызнеўскі загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве падчас Еўрамайдану. Да свайго 26-годдзя ён не дажыў чатыры дні.

Цела Міхаіла Жызнеўскага пасля адпявання і ўрачыстых провадаў прывезлі з Кіева і пахавалі на сямейных могілках па лініі маці ў вёсцы Сцяг Працы пад Гомелем.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка пасмяротна ўзнагародзіў Міхаіла Жызнеўскага Ордэнам Герояў Нябеснай Сотні. Летась у лютым украінскі ўрад прызначыў пажыццёвую стыпендыю ягоным бацькам - Ніне і Міхаілу Жызнеўскім.

Апошнія навіны