BE RU EN

«Лісты шчасця» ад падатковай атрымалі ўжо 106 тысяч менчукоў

  • 22.01.2017, 15:42

Улады прадаўжаюць павялічваць войска раззлаваных беларусаў.

Паведамленні на выплату падатку на «дармаедства» атрымалі блізу 106 тысяч менчукоў, паведаміў начальнік інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Менску Андрэй Сабалеўскі ў інтэрв'ю газеце «Мінскі кур'ер».

«Больш за 11 000 з іх падалі дакументы аб тым, што яны не павінны кампенсаваць казне фінансавыя сродкі, і гэтыя звесткі ўлічылі. Па вялікім рахунку, наша задача палягае ў тым, каб у агульны спіс не траплялі людзі, якія не з'яўляюцца сацыяльнымі ўтрыманцамі. Хоць памылкі, вядома, здараюцца. Падаткавікі ад іх не застрахаваныя: працэс пакуль што не настолькі добра апрабаваны. Але мы рухаемся да гэтага», - сказаў начальнік сталічнай інспекцыі МПЗ.

З ягоных слоў, ад выплаты падатку ў бюджэт горада паступіла блізу 2,2 мільёна рублёў. «Тэрмін выплаты так званага падатку на дармаедства за 2015 год - не пазней за 20 лютага 2017-га. Таму некаторым менчукам яшчэ трэба паклапаціцца аб тым, каб вырашыць гэтую задачу», - падкрэсліў Андрэй Сабалеўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пасля таго, як чалавек атрымаў паведамленне аб неабходнасці выплаціць збор на фінансаванне дзяржвыдаткаў, у яго ёсць 30 каляндарных дзён, каб давесці адваротнае. Для гэтага трэба прадставіць у раённую інспекцыю МПЗ дакументы або тлумачэнні, якія пацвердзяць, што гэты грамадзянін - не аплатнік збору.

Даведацца аб унясенні ў спісы «дармаедаў» можна будзе не толькі з заказнога ліста ад падатковай. Са слоў Сабалеўскага, пры налічэнні падатку за 2016 год пра гэта можна будзе даведацца ў асабістым кабінеце на сайце МПЗ.

«Дзякуючы асабістаму кабінету на партале фізічная асоба можа таксама падаць дакументы, якія пацвярджаюць, што чалавек не ўваходзіць у спіс плацельшчыкаў збору. Ездзіць у падатковую інспекцыю з дакументамі і марнаваць час на стасункі са спецыялістам не давядзецца», - распавёў ён.

Для таго, каб адкрыць асабісты кабінет, неабходна звярнуцца з пашпартам ва ўсякі падатковы орган, у тым ліку і не па месцы рэгістрацыі.

Нагадаем, што 17 лютага а 18-00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пачнецца Марш раззлаваных беларусаў з патрабаваннем скасавання дэкрэта аб «дармаедах».

Апошнія навіны