BE RU EN

Маці дваіх дзяцей разбілася пад Менскам праз дарогу, якую недачысцілі?

  • 22.01.2017, 14:27

Праз тыдзень пасля аварыі аўтамабілі на гэтым месцы па-ранейшаму заносіць.

«Некалькі дзён таму практычна каля дома, на дарозе каля Азярца, разбіліся на аўтамабілі мой брат з жонкай, - напісала чытачка «Нашай Нівы» Яна Ласка. - Вылецелі ў намеці на сустрэчную паласу пад мікрааўтобус. Іра загінула. Віця быў за стырном, ён пад следствам. У іх двое паўналетніх дзяцей, у вельмі цяжкім стане, баюся за абодвух - Іра была выдатная, любячая, любімая, клапатлівая мама і значыла для іх вельмі шмат.

На наступны дзень пасля гэтай аварыі мы з бацькам ехалі той жа дарогай. Развіталіся з Ірай і вярталіся ў горад. Прыгнечаныя, ехалі павольна і асцярожна, абмяркоўваючы, як гэты кашмар мог здарыцца. Хуткасць перавысіць на гэтым адрэзку немагчыма, калі ёсць хоць грам мозгу - паварот дарогі, цемра і ледзяная каляіна. Проста так аўтамабіль у намець сысці не можа, для гэтага павінны быць прычыны. І ў гэты момант, на гэтым жа месцы, у долі секунды – нашае аўто заносіць.

Мой бацька кіруе шмат гадоў. Шмат дзясяткаў гадоў. Ягонага досведу было дастаткова, каб аўтамабіль застаўся ў паласе. А не выехаў на сустрэчную, як у Віці з Ірай. І не ў кювет, як БМВ, якую мы дапамагалі выцягваць праз пару дзён.

А разгадка простая. Каляіна праходзіць роўна ў тым месцы, дзе дарожнае палатно стасуецца з абочынай. Ніжэй відэа, на якім добра відаць, якая прыгожая прылада забойства атрымалася. Тонкая наледзь і адсутнасць ліхтароў - поўны камплект.

Пасля аварыі прайшло больш за тыдзень. Ні знакі, ні асвятленне на гэтай дарозе так і не з'явіліся. Трэба, каб яшчэ хтосьці загінуў?!» - пытаецца Яна Ласка.

Апошнія навіны