BE RU EN

Расейскі «кароль аднадзёнак» выводзіў грошы праз Беларусь

  • 22.01.2017, 12:43

Офіс буйнога міжнароднага аферыста Сяргея Данілачкіна знаходзіўся наўпрост «пад носам» у беларускіх уладаў.

Улады ЗША афіцыйна адмовілі Расеі ў экстрадыцыі генеральнага дырэктара ЗАТ «Волтэр ВОЛС Эстэт Мэнэджмэнт» Сяргея Данілачкіна. І цяпер яны могуць задаць Данілачкіну шмат цікавых пытанняў аб тым, як расейскія чыноўнікі праз Беларусь легалізуюць свае капіталы на Захадзе.

У Расеі Данілачкіна цяпер наважылі судзіць завочна. Першыя слуханні справы павінны адбыцца ўжо на наступным тыдні, 25 студзеня 2017 года.

Як распавяла «Росбалту» крыніца ў праваахоўных органах, Сяргей Данілачкін даўно і добра вядомы аператыўнікам. З іх звестак, у 2000-я гады ён заняўся бізнэсам для стварэння тысяч так званых фірмаў-аднадзёнак, якія рэгістраваліся на алкаголікаў, беспрацоўных і т. д. Гэтыя структуры ў далейшым выкарыстоўваліся пры розных махінацыях, у тым ліку для сыходу ад выплаты падаткаў. У нейкі момант Данілачкін стаў адным з лідараў расейскага рынку ў рэалізацыі «аднадзёнак».

Першапачаткова справа аб крадзяжах мільярдаў пад выглядам кампенсацыі ПДВ абяцала быць адной з самых гучных. Следства меркавала, што за афёрай стаяла адна злачынная група, якая складалася з ценявых фінансістаў і высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў розных груп. У фіктыўных пагадненнях, дзякуючы якім «аднадзёнкі» атрымалі магчымасць запатрабаваць выплаты ПДВ, фігуравалі адны і тыя ж фірмы і банкі. Як высветлілася, значная частка выкрадзеных мільярдаў, вывозілася з Расеі адным і тым жа шляхам. Праз ЗАТ «ПавНаст» грошы пераводзіліся прадстаўніцтву ў рэспубліцы Беларусь КOO «Ferdan Consult LLP». За дзейнасць «аднадзёнак» і складанне патрэбных дакументаў адказвала ЗАТ «Волтэр ВОЛС Эстэт Мэнэджмэнт».

Беларускае прадстаўніцтва брытанскай КOO «Ferdan Consult LLP», са звестак belaruspartisan.org на гэты момант ліквідаванае. Юрыдычным адрасам быў: г. Менск, пр.Партызанскі, д.8, корп.14, кім. 105. Адпаведна, кампанія знаходзілася ў юрысдыкцыі падатковай інспекцыі Ленінскага раёну беларускай сталіцы. І, вядома, дзіўна, што ў Беларусі нікога не зацікавіла кампанія, праз якую адмываліся мільярды. Можна нават сказаць, што беларускія ўлады нічога не бачылі і нічога не ведалі.

Зрэшты, і ў Расеі расследаваць справу з адмываннем грошай высокапастаўленымі падаткавікамі не спяшаліся. Гэтую справу вёў Дзяніс Нікандраў (цяпер знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачвання ў атрыманні хабару ад «злодзея ў законе» Шакро - Захар Калашоў) і пры ім з расследаваннем сталі адбывацца вельмі дзіўныя падзеі. Так, допыты ў будынку СК разам з Нікандравым вёў Аляксей Кулікоў - фігурант справы і ценявы суўладальнік «Крэдытімпэксбанка». (Праз гэты банк прайшла частка выкрадзеных сродкаў). Затым абвінавачванні паслядоўна былі зняты з усіх падаткавікоў «сярэдняга звяна». У выніку Дзяніс Нікандраў прызнаў, што адзіным арганізатарам афёр у крадзяжах з бюджэту больш за 9 млрд рублёў з'яўляецца ўладальнік «Волтэр ВОЛС Эстэт Мэнэджмэнт» Сяргей Данілачкін. Аднак дагэтуль ён даўно пражываў у ЗША, таму быў для расейскага следства недаступны. Аднак цяпер даступны для праваахоўнікаў амерыканскіх. Тэма транзіту незаконных даходаў расейскіх чыноўнікаў праз Беларусь даўно ўсплывае ў СМІ. Мяркуючы з усяго, ні расейскія, ні беларускія праваахоўнікі самі з ёю разабрацца не могуць. А, дакладней, не хочуць, бо не могуць жа пчолы ваяваць супраць мёду.

Апошнія навіны