BE RU EN

Імпічмент магілёўскаму «дэпутату» набірае абароты

  • 22.01.2017, 10:45

Актывісты ўжо сабралі 150 подпісаў за адкліканне Аляксандра Старавойтава, які падтрымлівае дэкрэт аб «дармаедстве».

«Я ніколі не быў дармаедам, рабаўніком. Я ўсё жыццё сумленна працаваў». Такія словы пакінуў побач з аплачаным падаткам за дармаедства шасцідзесяцігадовы ветэран працы, жыхар Асіповіч Айвар Яскевіч. Пасля чаго выкінуўся з балкона сваёй кватэры на пятым паверсе. Журналісты пагаварылі з сяброўкай сям'і загінулага Аксанай.

«Чалавек, які прапрацаваў усё жыццё, выйшаў на пенсію, атрымаў званне ветэрана працы, адпрацаваў сумленна ўсё жыццё і замест таго, каб жыць далей, карыстацца тым, што зарабіў разам са сваёй сям'ёй, ён пайшоў з жыцця. Гэта быў шок. Крок у нікуды. І гэты крок яму дапамагла зрабіць дзяржава»

Дарэчы, і 22-гадовая дачка Аксаны таксама павінна заплаціць падатак, бо два гады таму страціла працу і не знайшла іншай. Цэлы шэраг палітычных рухаў збірае подпісы за скасаванне закона аб «дармаедстве». Так у Магілёве актывісты апазіцыі заклікаюць зняць з пасады аднаго з «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў» Аляксандра Старавойтава. Той, на думку актывістаў, фактычна праігнараваў іх заклік касаваць дэкрэт нумар 3.

«Дэпутат Старавойтаў сам не адказаў - даслаў адказ групавы - подпісы паставілі яшчэ два дэпутаты - адзін адным прыкрыліся. І ў адказе напісана, што падстаў для скасавання дэкрэта няма», - распавёў «Белсату» актывіст АГП Уладзімір Шанцаў.

«Дэпутаты» таксама выказалі ў сваім адказе меркаванне: маўляў, колькасць беспрацоўных у краіне зніжаецца. Сапраўды - афіцыйна беспрацоўных у краіне больш за 35 тысяч чалавек. Але дармаедаў чыноўнікі здолелі налічыць чатырыста тысяч. Актывісты пачалі збіраць подпісы з роднай выбарчай акругі Старавойтава.

«Я, як вам сказаць - не ўнікаю ў гэтыя пытанні - хто ў нас «дэпутат». Мне неяк усё адно - хто ў нас «дэпутат», - кажа жыхарка Магілёва.

У інтэрнаце №5 на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве імя Старавойтава нікому невядомае. Што дзіўна, бо ў сваёй акрузе ён летась нібыта сабраў аж 15 тысяч подпісаў на сваё вылучэнне. Дэпутата жыхары інтэрната, які патрабуе капітальнага рамонту, не ведаюць, затое ў іх ёсць што сказаць яму з нагоды закона аб дармаедах.

- Дзе наш «дэпутат» і што ён робіць - я вам нават сказаць не магу,

- Але ён галасаваў за гэты дэкрэт.

- Малайчына...У яго ёсць праца? Ну і сцяг яму беларускі ў рукі»

«Ну, гэта як сказаць...Ну дэбілізм. Калі людзі могуць знайсці працу, то працуюць. А тут усіх пад адзін грабянец».

Адкліканне «дэпутата», прызнаюць актывісты, у нашай краіне амаль нерэальнае. Аднак першы крок - 150 подпісаў за яго адкліканне, якія атрымае старшыня гарадскога «савета», - амаль зроблены.

Нагадаем, што 17 лютага а 18-00 на Кастрычніцкай плошчы Менска пачнецца Марш раззлаваных беларусаў з патрабаваннем скасавання дэкрэта аб «дармаедаў».

Апошнія навіны