BE RU EN

Пасля інаўгурацыі Трамп падпісаў указ пра адмену Obamacare

  • 21.01.2017, 11:53

Рэформа медыцынскага страхавання ў ЗША прыпыненая.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп праз некалькі гадзінаў пасля інаўгурацыі падпісаў указ пра адмену так званай Obamacare – рэформы аховы здароўя, праведзенай папярэднім кіраўніком Белага дому Баракам Абамам, паведамляе Радыё Свабода.

Ён даручыў федэральным установам ігнараваць некаторыя палажэнні Obamacare, такія як падатковыя патрабаванні і штрафы.

Прынятая Абамам у 2010 годзе рэформа медыцынскага страхавання прапануе субсідыі маламаёмасным на медычную дапамогу. Большасць уладальнікаў новай страхоўкі атрымліваюць датацыі ад дзяржавы. Крытыкі рэформы называюць яе занадта дарагой: праз яе падаткі для некаторых грамадзянаў краіны былі значна павышаныя.

У перадвыбарнай кампаніі Трамп выступаў супраць Obamacare і неаднаразова абяцаў адмяніць рэформу. Ініцыятыву Абамы таксама крытыкавала рэспубліканская большасць у Кангрэсе. 11 студзеня 2017 года Сенат ЗША прагаласаваў за адмену рэформы.

Інаўгурацыя Дональда Трампа прайшла 20 студзеня. Выступаючы ў Вашынгтоне з прамовай на цырымоніі інаўгурацыі, Трамп пазначыў інтарэсы Амерыкі як свой галоўны прыярытэт і паабяцаў вярнуць амерыканцам працоўныя месцы і ўмацаваць мяжы. Падчас прысягі прэзідэнта ў Вашынгтоне прайшлі акцыі пратэсту.

Апошнія навіны