BE RU EN

У ЗША зацверджаныя новыя міністры абароны і ўнутранай бяспекі

  • 21.01.2017, 10:51

Кангрэс ЗША зацвердзіў Джэймса Мэціса міністрам абароны, а Джон Кэлі ўзначаліць Міністэрства ўнутранай бяспекі.

Адстаўны генерал Джэймс Мэціс вечарам пятніцы, 20 студзеня, зацверджаны кангрэсам ЗША на пасадзе міністра абароны. Гэта здарылася праз некалькі гадзінаў пасля інаўгурацыі Дональда Трампа. 66-гадовы Мэціс стаў першым вайскоўцам больш чым за 60 гадоў, які ўзначаліць абаронную ўстанову краіны. Апроч іншага, Мэціс удзельнічаў у ваенных дзеяннях у Афганістане і Іраку.

Падчас абмеркавання сваёй кандыдатуры ў Сенаце, Мэціс папярэдзіў пра спробы Расеі нашкодзіць інтарэсам ЗША і іх хаўруснікам. Такім чынам новы міністр абароны ЗША выказаў больш крытычнае стаўленне да прэзідэнта РФ Пуціна, чым Дональд Трамп, паведамляе Нямецкая хваля.

Сенат таксама зацвердзіў Джона Кэлі на пасадзе кіраўніка Міністэрства ўнутранай бяспекі. У выпадку выканання Трампам сваіх планаў у развязанні пытанняў з нелегальнымі мігрантамі, на ўстанову Кэлі будзе ўскладзены абавязак узмацніць назіранне за імігрантамі, якім будзе дазволены ўезд у ЗША, а таксама адшукаць сродкі на дэпартацыю нелегалаў.

Пры гэтым, паказвае AFP, калі кандыдатура Мэціса знайшла падтрымку ў кангрэсмэнаў, то вакол некаторых іншых прэтэндэнтаў на міністэрскія пасты разгарнулася дыскусія. Сярод іншага, гаворка ішла пра Джэфа Сешнса, які можа стаць міністрам юстыцыі, а таксама пра магчымага будучага кіраўніка Мінфіна ЗША Стывена Мнучына.

Апошнія навіны