BE RU EN

Гары Паганяйла: У Беларусі прававыя нормы не працуюць

  • 19.01.2017, 19:47

Са слоў старшыні юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта, беларусам трэба ўмацоўваць грамадскую салідарнасць.

Старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла распавядае пра тое, ці можна сёння дамагчыся справядлівасці ў абскарджанні штрафаў за ўдзел у акцыях, паведамляе «Радыё Рацыя».

Некаторыя актывісты і палітыкі прынцыпова не плацяць дзяржаве штрафы, якія ім прызначылі суды за ўдзел у рознага кшталту акцыях. Ці выхад гэта са становішча? І ці можна дамагчыся справядлівасці ў Камітэце правоў чалавека ААН?

- Пытанні аб тым, што рабіць з прысуджаным штрафам, кожны развязвае індывідуальна. Так, ёсць прававыя сродкі абароны ад такіх рэчаў, але давайце будзем сумленнымі - наўрад ці беларускія суды ўспрымуць разумныя аргументы. Абскардзіць дзеянні судовых выканаўцаў таксама малаэфектыўна, бо яны абавязаны, выканаць судовую пастанову, каб грошы паступілі ў бюджэт.

- Грамадская актывістка Вольга Нікалайчык не выключае, што абскардзіць пастановы судоў у ААН.

- Калі ў міжнародныя арганізацыі паведамляецца пра тое, што людзям даюць вялізныя штрафы, то гэта адная справа. Калі ставіцца пытанне, каб была змененая такая практыка ўнутры краіны, то гэта іншае. Але што ў выніку? Па-першае, Камітэт правоў чалавека ААН можа разглядаць справу гадамі. Па-другое, беларускія ўлады ўсё адно не рэагуюць на ААНаўскія пастановы. Мне думаецца, што пры сённяшняй сістэме ўлады ў нас прававыя нормы не працуюць. Трэба мяняць падыходы. Варта ўмацоўваць грамадскую салідарнасць і апазіцыю. Каб апошняя не існавала, а жыла і была структурай, з якой бы ўлада лічылася. Можна шукаць новыя формы барацьбы з тым, што дзяржава прапануе. Трэба штосьці супрацьпастаўляць.

Апошнія навіны