BE RU EN

Прафзвяз РЭП сабраў за два дні больш за 5000 подпісаў за скасаванне дэкрэта аб «дармаедстве»

  • 19.01.2017, 15:17

Лідар прафзвязу Генадзь Фядыніч уважае гэта за добры пачатак.

Лічбу ў больш чым пяць тысяч подпісаў назваў сёння «Радыё Свобода» Генадзь Фядыніч, старшыня Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Разам з грамадскай арганізацыяй «Прававая дапамога насельніцтву» яны ініцыявалі гэтую акцыю.

«За першы дзень было тры тысячы подпісаў, - распавёў журналістам Генадзь Фядыніч. - А сёння на 14 гадзін іх ужо пяць тысяч. І гэта толькі тыя, хто падпісаў электронны зварот. А яшчэ ёсць і подпісы на лістах. Так што смела можна гаварыць, што іх больш за пяць тысяч. Уважаем пачатак за добры».

Рэгіянальныя актывісты, з ягоных слоў, капіююць неабходныя для подпісаў дакументы і збіраюць подпісы ў людных месцах.

Нагадаем, што 17 студзеня прафзвяз РЭП і арганізацыя «Прававая дапамога насельніцтву» правялі першую прэс-канферэнцыю, прысвечаную пачатку барацьбы за скасаванне антыканстытуцыйнага дэкрэта аб «дармаедах».

Пасля канферэнцыі наважылі з 18 лютага пачаць ва ўсёй Беларусі збор 200 тысяч подпісаў пад патрабаваннем скасаваць дэкрэт №3. У выпадку, калі ўлады не прыслухаюцца да патрабавання 200 тысяч беларусаў, арганізатары кампаніі ў барацьбе з незаконным дэкрэтам не выключаюць масавых акцый пратэсту.

Вы можаце:

Падпісаць онлайн-петыцыю «Няма Дэкрэту №3 «аб дармаедах!» на сайце zvarot.by тут.

Спампаваць формы для збору подпісаў за скасаванне Дэкрэта №3 на беларускай і расейскай мовах і папрасіць сваіх родных, сяброў і суседзяў падтрымаць людзей, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, тут.

Падпісаць зварот у офісах прафзвязаў РЭП, БНП і СПМ, адрасы тут.

Спампаваць узоры заяваў у падатковыя органы, пракуратуру і КДК тут.

Апошнія навіны